Паставілі чорны крыж, каб збіваць да смерці


Як перажыць катаванні і пераадолець посттраўматычны сіндром? Прысвечаная беларускім пратэстам выстава «Змагайся, як дзяўчо» ў Амстэрдаме. Ініцыятыва дапамогі Беларусі ў Львове. Пра гэта – у праграме «Беларускі свет».

Пасля жорсткага збіцця і катаванняў сілавікамі 11 жніўня гарадзенец Віталь атрымлівае медычную ды псіхалагічную дапамогу ў Чэхіі. Пры затрыманні ў аўтамабілі Віталя знайшлі рацыю, гэтага было дастаткова, каб пачуць ад амапаўцаў, што мужчына – расейскі каардынатар.

«На руцэ намалявалі чорны крыж, так пазначалі, каб забіваць. Прыехаў Краўцэвіч, начальнік гарадзенскага АМАПу. Ён быў у цывільным, без балаклавы. Падышоў да мяне і пачаў біць нагамі па твары: «Колькі плацяць? Хто ты? Хто твой звязны?» А я кажу: «Што вы верзяце?» Потым наагул распранулі да майткоў, красоўкі знялі, штаны спартовыя, кашулю разадралі: «Зараз мы табе ў азадак дручок засунем!» Адзін пачынае майткі сцягваць, другі з дручком. Я рукамі схапіў майткі, нацягнуў іх да сярэдзіны спіны. Адзін пачаў ламаць мне рукі дручком, другі біў па нагах з усёй дуры. Думка адна: я нікога не пабачу, ні дзяцей, ні Вераніку, жонку, я адсюль наагул не выйду», – згадвае катаванні Віталь.

Цяпер Віталь праходзіць рэабілітацыю ў Празе. Дзякуючы праграме медычнай эвакуацыі «Medevac» ягонае здароўе паступова наладжваецца. Нядаўна да яго пераехала жонка Вераніка з дзвюма дочкамі.

Праграма «Medevac» існуе з 1993 года, эвакуюе параненых з краінаў, дзе адбываюцца войны, канфлікты і прыродныя катастрофы. У Чэхіі цяпер на лекаванні каля 50 беларусаў, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў падчас паслявыбарчых пратэстаў.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • На выставе ў Амстэрдаме можна пабачыць калаж з суцінскай Еваю, перформанс Надзі Саяпінай, праект «Плошча Пераменаў», гісторыю «беларускай выжыванкі» і дзясяткі постараў ад платформы «Культпратэст»;
  • «Беларускіх карнікаў тут не абслугоўваюць»: такія налепкі з’явіліся ў кавярнях Львова.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu