Пасля Мюнхену Захад больш не лічыць Беларусь поўным сатэлітам Расеі


Лукашэнку Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы дакладна пайшла ў плюс. Гэтак свайго захаплення ад імкнення Аляксандра Лукашэнкі развязаць канфлікт на Данбасе не хаваў старшыня Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі Вольфганг Ішынгер. Ці варта дзівіцца таму, што на наступнае паседжанне канферэнцыі Ішынгер ужо збіраецца запрасіць і кіраўніка Беларусі?

Валерый Карбалевіч, палітолаг:

«Тое, што казаў кіраўнік Мюнхенскай канферэнцыі – гэта хутчэй дыпламатыя, хутчэй падзяка. Калі казаць пра больш шырокі кантэкст падыходу Захаду да Беларусі, то сапраўды пасля Крыму геапалітыка выціснула праблему дэмакратыі і правоў чалавека, якія адышлі ўбок. У рэгіёне вельмі напружаная ваенна-палітычная сітуацыя, а Беларусь трохі прадэманстравала, што яна не поўнасцю падтрымлівае пазіцыю Расеі ў канфлікце з Захадам і Украінай. За ўсё гэта Беларусь вяртаецца ў парадак дня еўрапейскай палітыкі, еўрапейскіх працэсаў. […] Лукашэнка ўжо мае запрашэнне ў чатыры еўрапейскія сталіцы: Рыгу, Вену, Парыж і Мюнхен. […] Гэтыя заявы Лукашэнкі ўмацоўваюць у міжнароднай супольнасці погляд на Беларусь як на самастойны суб’ект міжнароднай палітыкі, што гэта не поўны сатэліт Расеі…»

Цяжка не заўважыць, што апошнім часам у Менск нярэдка прыязджаюць заходнія чыноўнікі, а сам кіраўнік Беларусі, якога раней называлі апошнім дыктатарам Еўропы, стаў, што называецца, «рукапаціскальным». «Белсат» запытаўся ў міністра замежных справаў Польшчы Яцка Чапутовіча, чаму ж Еўропа змяніла сваё стаўленне да Лукашэнкі:

«Цяжка сказаць, ці змянілася еўрапейскае стаўленне. Але сапраўды, мне падаецца, арганізацыя сустрэчы наконт Украіны, ёсць менскія ўгоды. Гэта паказвае, што Беларусь хоча граць пэўную ролю і хоча для сябе хоць бы сімвалічнага прызнання асобнасці ад Расеі. Тут можна ўбачыць станоўчы момант – гэта жаданне паказаць пэўную незалежнасць. Выступ прэзідэнта [Лукашэнкі] на гэтай канферэнцыі быў традыцыйны. Пратэставаў, крытыкаваў планы Польшчы запрасіць больш моцную вайсковую прысутнасць ЗША. Цвердзіў, што гэта можа несці пэўную пагрозу. Але я разумею, што ў яго такая роля. Тым не менш, мы хочам размаўляць, хочам быць транспарантнымі, калі ідзе гаворка пра дзеянні Паўночнаатлантычнага саюзу для таго, каб пераадольваць пэўную варожасць між нашымі дзяржавамі. Гэтая канферэнцыя – гэта як пэўны крок у нармалізацыі адносінаў для зніжэння міжнароднай напружанасці».

Працяг размовы – у сюжэце.