Пасля ста дзён Лукашэнкі чакаем інфляцыі


Мінула сто дзён з моманту прэзідэнцкіх выбараў, на якіх, паводле розных версіяў, перамаглі розныя кандыдаты. Паколькі на эканамічную сітуацыю ў Беларусі ўплывае толькі адзін з іх, у праграме «Давайце разбірацца» прааналізуем сто дзён «прэзідэнцтва» Аляксандра Лукашэнкі. Што змянілася за гэты перыяд? І як гэта ўсё паўплывае на нашыя з вамі гаманцы?

У звязку з палітычным крызісам і чарговаю хваляю каронавіруса Нацыянальны банк Беларусі даволі асцярожны ў сваіх прагнозах. Тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы:

«Нацыянальны банк кажа, што мы чакаем вастрыні крызісу, звязанага з каронавірусам, прыблізна ў другой палове наступнага года. Гэта прывядзе да аднаўлення вонкавага попыту і дазволіць беларускай эканоміцы стаць на траекторыю, як яны называюць, устойлівага росту. Што тут прынцыпова важна? Нацбанк лічыць, што самастойны рост эканомікі без паляпшэння вонкавай каньюнктуры немагчымы».

Гэта важная акалічнасць, перакананы эксперт, бо беларускі ўрад лічыць абсалютна наадварот: маўляў, унутраны эканамічны рост варта запускаць шляхам інвестыцыйнага цыклу, што азначае патрэбу ў новых грошах. То бок павышэнне эфектыўнасці зноў не праз структурныя рэформы, а праз друкаванне грошай? Менавіта так, працягвае Сяргей Чалы:

«Уся гэтая ідэя манетызацыі эканомікі ўжо выкарыстоўвалася і была аспрэчаная. Банкаўская сістэма не стварае з паветра грошай для інвестыцыяў, яна пераўтварае ўнутраныя ашчаджэнні ў інвестыцыі, і крызіс пачынаецца тады, калі вы фінансуеце менавіта інвестыцыі, бо ашчаджэнняў для гэтага не стае. Трэба разумець, што ў гэтым выпадку крыніцаю пазаэканамічнага прыбытку тых, хто ля кармушкі, ёсць менавіта той самы інфляцыйны падатак, бо асноўны цяжар інфляцыйнага падатку кладзецца на бедных людзей. Людзей, якія атрымліваюць фіксаваныя даходы або дапамогу ў нацыянальнай валюце».

Таксама ў праграме «Давайце разбірацца. Эканоміка з Чалым»:

  • Хто нажываецца на інфляцыі?
  • Што для эканомікі значаць вынікі выбараў у Амерыцы?
  • Як расейскі рубель адбіўся ад падзення?

Belsat.eu