Пашыньян заявіў, што для Арменіі вельмі важныя адносіны з Расеяй


Журналіст «Белсату» Аркадзь Несцярэнка пабываў на прэс-канферэнцыі лідара армянскіх пратэстаў у Ерэване.

У эфіры «Белсату» Аркадзь Несцярэнка распавёў, пра што гаварыў Нікол Пашыньян:

«Прагучала інфармацыя, што ў рэвалюцыі пакуль яшчэ зарана ставіць кропку, можна казаць, што пакуль толькі скончыўся першы этап рэвалюцыі ў Арменіі. Нікол Пашыньян, лідар пратэстаў, кажа пра тое, што будзе распачаты другі этап.

Паводле Пашыньяна, першае патрабаванне, якое высоўвалі пратэстоўцы, – адстаўка Сэржа Саргсьяна – цалкам задаволенае. Другое патрабаванне – наступны прэм’ер мусіць быць падтрыманы народам. На пытанне, што гэта будзе за фігура, Нікол Пашыньян адказвае, што гэта не будзе выконваючы абавязкі прэм’ера Карэн Карапецян, з якім ён заўтра будзе праводзіць перамовы. І ён адразу кажа, што гэта будуць перамовы не паміж ім і выконваючым абавязкі прэм’ера, а гэта будуць перамовы паміж лідарам пратэстаў і ўсёй Рэспубліканскай партыяй. І вось галоўнае патрабаванне, каб Рэспубліканская партыя ажыццявіла транзіт улады, перадала ўладу прадстаўнікам апазіцыі.

Адказваючы на пытанне далейшых дачыненняў з Расеяй у тым выпадку, калі ён зойме крэсла прэм’ер-міністра, Пашыньян тройчы паўтарыў, што для Арменіі вельмі-вельмі-вельмі важныя дачыненні з Расеяй. І тут, натуральна, чакаць нейкага геапалітычнага развароту не выпадае».

Фотаздымак на застаўцы да відэа Gleb Garanich/ Forum