Парада, як перамагчы каронавірус у Беларусі


«Калі ВРВІ, вось гэты пік, вірусы і г. д., трэба на вуліцы выходзіць, трэба дыхаць свежым паветрам. Я не разумею тых, хто сёння раіць: ізаляваць, закрыць, перакрыць!», – заявіў 31 сакавіка А. Лукашэнка, крыху пазней дадаўшы:

«Вось мы падазраем, што ў Віцебску гэты актор, які памёр, і ў яго таксама быў да таго, што ў яго пнеўманія і іншае – і гэты вірус. Ну мы ж прасілі! Яму ж заўтра 80 гадоў будзе, чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш».

Тэрмінова! У сувязі з рэакцыяй на эпідэмію COVID-19 генеральны пракурор выдаў санкцыю на арышт грамадзяніна Лукашэнкі:

«Абапіраючыся на канстытуцыйныя прынцыпы абароны дзяржавы, жыцця і здароўя чалавека ад любых супрацьпраўных пасяганняў».

Да першых свабодных выбараў абавязкі прэзідэнта выконвае Сяргей Румас. Усіх, каго можна, перавялі на працу з дому, школы ды ўніверсітэты закрылі на часовы каранцін, а Лідзію Ярмошыну – на вечны каранцін.

«Засмучаюся з гэтай нагоды, гэта абсалютна натуральна», – заявіла былая старшыня ЦВК.

Для залагоджвання крызісу выкарыстоўваюцца дзяржаўныя рэзервы. Палац Незалежнасці ды яшчэ 18 рэзідэнцыяў пераўтвораныя ў інфекцыйныя шпіталі. Беларусь справілася з заразай і адважна ўваходзіць у 2021 год.

«Нават самыя закаранелыя скептыкі адкрываюць сэрцы і душы надзеям на добрыя цуды. Пакіньма сум і расчараванні ў мінулым», – нібы 31.12.2020 прамовіў в.а. прэзідэнта Сяргей Румас.

Але пакуль нашае мінулае яшчэ не кончылася. У той час, калі адзін пацыент са сцяны навісае над Міністэрствам здароўя, у інтэрнэце знайшлі эксклюзіўнае відэа, як ведамства падлічвае хворых.

«Мінут пяць, дзесяць, пятага, чатыры, пяць».

Падаўшы свае лічбы, улады ўсё роўна рыхтуюцца правесці парад 9 траўня.

«Пакуль жывыя ветэраны Вялікай Айчыннай, мы павінныя правесці! Гэта самае галоўнае», – падзяліўся з намі меркаваннямі мінак сталага веку (вядома, ён па-за зонай рызыкі).

Так бы мовіць, каго не змог забіць Гітлер

«Я пра Гітлера гаварыў. Ну, фашыст быў ва ўладзе. Ну ідыёт самы сапраўдны быў ва ўладзе, каторы знішчыў столькі народу. Але абʼядналі нацыю», – заяўляў даўным-даўно Лукашэнка.

Так што яднанне нацыі будзе, абавязкова.

«Парад будзе пры любой сітуацыі. І прэзідэнт, народ гэта падтрымае!», – працягвае немалады мінак.

– «І вы пойдзеце?»

– «Так точно

Расейская нафта небывала патаннела! Для Беларусі – 4 долары за барэль! У сувязі з гэтым «Белнафтахім» аб’явіў, што цягам трох гадоў кожны тыдзень будзе зніжаць цану на бензін на адну капейку…

Ну ладна, хопіць ужо гэтых мараў. Але насамрэч былі на гэтым тыдні і сапраўдныя пазітыўныя навіны ды заявы. Палата ратыфікавала пагадненне аб патанненні шэнгенскіх візаў, а ў МЗС нават загаварылі пра перспектыву бязвізу з Еўразвязам. Цяпер самае галоўнае – выжыць. І каб без псіхозу.

Вітаўт Сіўчык, «Субʼектыў», «Белсат»

Калаж з фота: Srdjan Ilic / PIXSELL / Forum