«Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязні» – кнігу з такою назваю прэзентавалі ў Горадні


Праца журналіста радыё «Свабода» Валера Каліноўскага прысвечаная Эльжбеце Смулковай – першай амбасадарцы Польшчы ў Беларусі, выбітнаму навукоўцу ў галіне беларусістыкі.

«Вельмі шмат студэнтаў і з Беларусі, і з Польшчы яна навучала беларускай культуры, мове, дыялектам, рабіла міждысцыплінарныя праграмы. Апошняя ейная фундаментальная праца – яна арганізавала вялікі навуковы калектыў, які даследаваў Браслаўшчыну», – пералічвае заслугі навукоўцы аўтар кнігі Валер Каліноўскі.

Сябра саюзу палякаў у Беларусі Тадэвуш Гавін зазначае, што падчас працы амбасадаркаю пані Эльжбета стварыла добры клімат для дзейнасці польскай меншасці ў Беларусі: «Менавіта ў гэты перыяд Саюз палякаў дамовіўся з беларускімі ўладамі пра будову польскіх школаў у Горадні і Ваўкавыску».

Валер Каліноўскі распавядае, што спадарыня Эльжбета спачатку не пагаджалася на напісанне кнігі, але потым яму ўдалося яе пераканаць. Кнігу ж аўтар акрэслівае як навукова-папулярную:

«Там ёсць навуковыя рэчы, звязаныя з навуковай працай пані Эльжбеты, там ёсць гістарычныя рэчы, бо яна перажыла ХХ стагоддзе ўва ўсім яго траўматызме, там ёсць шмат пра беларускіх мовазнаўцаў, я стараўся пісаць, каб гэта было цікава любому чытачу».

Кніга накладам 400 асобнікаў выйшла ў выдавецтве «Інбелкульт» пры падтрыманні Польскага інстытуту ў Менску.

Іншыя тэмы:

  • У віцебскай выставачнай зале «Духаўскі круглік» адбылася прэзентацыя працы мастака Ігара Дурава «Віцебск XVII стагоддзя».
  • Дудары з сямі краінаў зʼехаліся ў Глыбокае на «Дударскі рэй – 2017».
  • «Юраўскі карагод» у Пагосце прэтэндуе на статус помніка нематэрыяльных каштоўнасцяў міжнароднага значэння.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»