Памылка ДАІ, якая дорага каштавала. Ахвяра ДТЗ змагаецца за кампенсацыю


Летась у снежні Лілія Сакалова трапіла ў аварыю на Менскай кальцавой дарозе. Аўтамабіль спадарыні Ліліі сутыкнуўся з цяжкавіком.

«Легкавік пры выездзе на кальцавую дарогу стварыў аварыйную абстаноўку для цяжкавіка, які, у сваю чаргу, падрэзаў цяжкавік «Iveco», – каментуе ДТЗ Лілія Сакалова. – На відэа з майго рэгістратара бачна, што кіроўца «Iveco», каб пазбегчы сутыкнення, пераладоўваецца ў маю паласу. Нягледзячы на гэта, прадстаўнікі ДАІ вінаватым яго не прызналі. Вінаваты – кіроўца першага цяжкавіка, які з’ехаў з месца здарэння».

Да таго ж, у заднюю частку аўта спадарыні Ліліі ўрэзаўся «VW», кіроўца якога не трымаў дыстанцыі. Яго і абавязалі выплочваць кампенсацыю за пашкоджанні аўтамабіля спадарыні Ліліі, дый толькі задняй часткі.

«Следчы Радкевіч вынес дапушчэнне, што кіроўца «Iveco» мог спужацца і наагул адпусціць стырно. Намеснік начальніка па вышуку [УДАІ МУС Менгарвыканкаму] дапусціў, што дарожнае пакрыццё было слізкае. Аднак для аўтамабіля, які ўляцеў у мяне ззаду, гэтага не прынялі ў разлік», – распавяла Лілія Сакалова.

Кіроўцу аўтамабіля «Іvесo» прызналі пацярпелым.

Нашая гераіня абскардзіла гэтае рашэнне ў рэспубліканскай ДАІ. У адказе на скаргу гаворыцца, што працаўнікі ДАІ не зрабілі ўсіх прадугледжаных законам захадаў для ўсебаковага і аб’ектыўнага даследавання адміністратыўнага правапарушэння. Але пры гэтым пакінулі скаргу без задавальнення.

Мaю прaвa
«Там была мясарубка». Чаму прадпрыемства адмаўляецца кампенсаваць шкоду сваякам загінулых рабочых?
2020.02.26 19:05

Спадарыня Лілія сама выхоўвае дваіх дзяцей. Два гады таму пайшоў з жыцця ейны муж.

«Я намагаюся працягваць ягоную справу, ён быў аўтаслесарам, у нас была невялічкае СТА. Машына мне неабходная для працы», – кажа Лілія.

Адсутнасць уласнага аўтамабіля стварае нязручнасці. Лілія вымушаная карыстацца машынаю сябра.

Каб даведацца, чаму кіроўцу «Iveco» не прызналі віноўнікам аварыі, мы папрасілі спадарыню Лілію ў нашай прысутнасці патэлефанаваць Андрэю Радкевічу, інспектару вышуку УДАІ МУС Менгарвыканкаму:

«Пры чым тут да мяне пытанні, стаўце іх ДАІ рэспублікі, якое давала адказ». – «То бок вы вялі справу, але адказаць мне нічога не можаце?» – «Я вам адказаць не магу, бо пастанова засталася ў моцы».

Мaю прaвa
П’яны пешаход выскачыў пад колы. Пешаходу – штраф, кіроўцу – крыміналка
2020.01.08 19:05

Юрыст ABW.BY Яўген Грачоў лічыць, што дарожныя інспектары парушылі правы Ліліі Сакаловай на справядлівы разбор справы.

«Абавязак збору доказаў ляжыць на асобе, якая вядзе адміністратыўны працэс. У межах працэсу службовая асоба збірае неабходныя сведчанні: дакументы, сведчанні відавочцаў, запісы з камераў фота- і відэафіксацыі», – распавядае юрыст.

Што ж у гэтай сітуацыі рабіць Ліліі Сакаловай, каб дамагчыся годнае кампенсацыі за пашкоджанае аўта?

«У дадзеным выпадку шкода спаганяецца на агульных прынцыпах грамадзянскага заканадаўства – падачай пазову ў суд. Ужо на стадыі судовых разбораў можна прызначаць або хадайнічаць аб прызначэнні пэўных экспертыз і збору доказаў», – зазначыў Яўген Грачоў.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • У Барысаве – спрэчкі пра спартовы клуб
  • Андрэй Завалей – у рубрыцы «Партрэт праваабаронцы»
  • Маладзён з Віцебску адстойвае сваё права на адтэрміноўку

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.