Палкоўнік Уладзімір Барадач: «Сяргей Чэрачэнь – сакрэтны супрацоўнік КДБ»


Контраверсійнае інтэрв’ю, у якім палкоўнік Уладзімір Барадач агучвае Сяргею Пелясу звесткі пра сакрэтную супрацу прэтэндэнта на прэзідэнцтва Беларусі Сяргея Чэрачня з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Заявы былога афіцэра спецназу спрэчныя і дыскусійныя. «Белсат» можа не пагаджацца з агучанымі тэзісамі. Аднак мы публікуем матэрыял і пакідаем Сяргею Чэрачню права даць адповедзь.

Цяпер палкоўнік у адстаўцы жыве ў Нямеччыне. Ён ветэран вайны ў Афганістане і былы камандзір асобнае брыгады спецназу Галоўнага ўпраўлення разведкі генштабу СССР, а потым – Беларусі. Брыгада дыслакаваная ў Мар’інай Горцы.

Уладзімір Барадач камандас арміі Афганістану. Фота з прыватнага архіву

Уладзіміра звольнілі з войска ў 1992 годзе – пасля прыняцця прысягі на Плошчы Незалежнасці 8 верасня, у Дзень беларускае вайсковае славы. Разам з Міколам Статкевічам ён узяў удзел у стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Пазней супольна з былым міністрам унутраных справаў Юрыем Захаранкам фармаваў Саюз беларускіх вайскоўцаў.

Уладзімір Барадач першы злева. На заднім плане Зянон Пазняк і Мікола Статкевіч. Фота з прыватнага архіву

Уладзімір Барадач заявіў:

«Я вымушаны нагадаць Чэрачню пра ягоную добраахвотную супрацу з КДБ цягам 5 гадоў».

Раней, у першай частцы інтэрв’ю, палкоўнік Уладзімір Барадач агучыў звесткі пра тое, як Сяргей Чэрачэнь, Ганна Канапацкая і Андрэй Дзмітрыеў маюць сабраць больш за 100 тысяч подпісаў. Пасля размовы рэдактара праграмы «Прасвет» Сяргея Пелясы з колішнім вайскоўцам да «Белсату» звярнуўся Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету.

Станіслаў Шушкевіч у эфіры «Белсату» 16 чэрвеня, адказваючы на заявы Уладзіміра Барадача, сказаў, што за Сяргея Чэрачня падпісаліся 75 тысяч асобаў. Гэта прагучала за чатыры дні да канца збору подпісаў. Ці рэальна за 4–5 дзён сабраць 31 тысячу подпісаў, асабліва маючы малую ініцыятыўную групу – толькі 1237 асобаў?

Агулам 106,5 тысячы – гэтулькі подпісаў налічылі ў штабе Чэрачня. А ЦВК паведаміла пра 143 тысячы.

Каментуе Уладзімір Барадач:

«Выходзіць, што Чэрачэнь збіраў па 2900 подпісаў у дзень. За апошнія чатыры дні павялічыў хуткасць і пачаў збіраць у 2,7 раза больш. А паводле звестак Ярмошынай, у гэтыя дні ён прыспешыўся ў 6 разоў».

Палкоўнік у адстаўцы кажа, што быў вымушаны агучыць праўду пра Сяргея Чэрачня, які замяніў Станіслава Шушкевіча на пасадзе старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Ранейшага кіраўніка партыі немагчыма было падкупіць. Таму яму падсунулі сакрэтнага супрацоўніка КДБ.

«Прашу прабачэння ў Станіслава Шушкевіча. Я быў шчыра засмучаны тым, што сваім інтэрв’ю расстроіў вельмі паважанага мной, высокаадукаванага чалавека. Грамадзяніна, навукоўца і палітыка Станіслава Шушкевіча», – працягвае Уладзімір Барадач.

І тлумачыць матывы свайго прызнання:

«Я б гэтага не зрабіў, разумеючы крыўду заслужанай і паважанай мною асобы. Але я не мог не адкрыць подласці з боку Чэрачня ў дачыненні Станіслава Шушкевіча і інтарэсаў супольнае справы».

З чаго, паводле Уладзіміра Барадача, пачалася супраца Сяргея Чэрачня з КДБ? Хто куратар гэтага палітыка ў спецслужбах? У чым сакрэт вялікага ліку подпісаў за Ганну Канапацкую, Сяргея Чэрачня і Андрэя Дзмітрыева, агучанага ЦВК? Чаму Лідзія Ярмошына не ўзгадніла з імі колькасці подпісаў?

Да таго ж інтэрв’ю раскрые сакрэт папулярнасці Сяргея Ціханоўскага. А таксама дасць аналіз пастановы Аляксандра Лукашэнкі дазволіць прыватным ахоўным кампаніям ужываць агнявую зброю: былы камандзір спецназу тлумачыць, каго могуць узброіць супраць мірных пратэстаў.

Глядзіце вышэй поўную відэаверсію размовы.

Калаж з фота: Nikolai Petro / TASS / Forum, Natalia Fedosenko / TASS / Forum

belsat.eu