Палітзняволеным пагражаюць смерцю?


У 2011 годзе за хуліганскія дзеянні, здзейсненыя групаю асобаў і за пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры анархіст Ігар Аліневіч атрымаў 8 гадоў турмы. За свае погляды ён правёў чатыры гады за кратамі ды быў прызнаны палітзняволеным.

Пасля вызвалення Ігар жыў у Польшчы. Падзеі, якія ў нашай краіне адбываліся пасля выбраў, уразілі яго.

«Калі я праслухаў гэты аўдыёзапіс з-пад сценаў Акрэсціна, з крыкамі і стогнамі людзей, гэта ўскрыла мае старыя раны, – распавядаў Ігар на YouTube-канале «Белорусская революция». – Калісьці мяне самога дручкамі збіваў натоўп, білі галавою аб бетонную падлогу, ставілі на расцяжку да знясілення».

Пры канцы кастрычніка бацькам Ігара патэлефанавалі памежнікі ды паведамілі, што іхнага сына затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы. Цяпер Ігар Аліневіч зноўку за кратамі. Яго разам з Сяргеем Раманавым, Дзмітрыем Дубоўскім і Дзмітрыем Разановічам абвінавацілі ў падпале адміністрацыйных будынкаў ды аўтамабіляў сілавікоў.

Размова
Маці Ігара Аліневіча: Улады набліжаюць свой канец
2020.12.28 21:20

За быццам бы здзейснены «акт тэрарызму» хлопцам пагражае ад 10 да 25 гадоў зняволення.

«Вітаю, дарагія матуля і тата! У першую чаргу, хачу папрасіць у вас прабачэння за тое, што зноўку зрабіў вам балюча і ўцягнуў ува ўсё гэта, – чытае маці ўрывак з ліста Ігара. – Здараецца, надыходзяць такія часы, калі кожны мусіць зрабіць свой унёсак, адпаведны сваім сілам, здольнасцям і духу. А гэтага ў мяне шмат».

Ігара трымаюць у следчым ізалятары КДБ. Адвакатаў да яго цяпер не пускаюць. Тлумачаць гэта каранцінам праз ковід.

Hавiны
Пад Асіповічамі затрымалі ды збілі анархіста Дзядка. Яго тэлеграм-канал захапілі
2020.11.12 18:12

У лістападзе затрымалі яшчэ аднаго вядомага беларускага анархіста і блогера – Міколу Дзядка. Яго вінавацяць у арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Кадры, дзе моцна збіты Мікола прызнаецца і дае тлумачэнні, абляцелі ўсё беларускае сеціва. Карэспандэнты «Маю права» паразмаўлялі з бацькам Міколы, спадаром Аляксандрам.

«Я лічу верхам цынізму, верхам лютасці, што, збіўшы чалавека пры затрыманні, здзейсніўшы над ім катаванні, пырснуўшы яму ў твар газам, яны, тым не менш, паказалі гэта па тэлебачанні, – кажа спадар Аляксандр. – Значыць яны мелі на гэта дазвол з самага верху».

Цяпер Міколу Дзядка трымаюць у СІЗА № 1. У снежні да спадара Аляксандра дайшлі чуткі, што жыццё ягонага сына пад пагрозаю.

«Даведаліся ад родных аднаго з затрыманых аб тым, што на адрас Міколы паступаюць пагрозы забойства. Больш за тое, яго нібы перавядуць у калонію ў Горках, дзе з ім нібы здарыцца сэрцавы прыступ, – распавядае спадар Аляксандр. – З 20 лістапада з Мікалаем не праводзілася ніякіх следчых дзеянняў».

Гісторыі
«Я прашу ў кожным лісце спыніць галадаванне». Як жыве сям’я Ігара Лосіка, пакуль ён за кратамі
2021.01.07 13:48

Адвакат Міколы ўжо месяц не можа трапіць да свайго падабароннага.

Дзеля падтрымання актывіста некалькі праваабарончых арганізацыяў напісалі калектыўны зварот. Сярод іх і Сяргей Усцінаў з «Прававой ініцыятывы».

«Міжнародны камітэт для расследавання катаванняў у Беларусі накіраваў заяву ў пракуратуру Менску з патрабаваннем правесці праверку, ці існуе пагроза жыццю і здароўю Міколы Дзядка, – кажа праваабаронец Сяргей Усцінаў. – Адпаведная асоба мусіць адведаць Міколу асабіста і даведацца, як ягонае самаадчуванне, ці пагражаюць яму».

У лістападзе праваабарончая супольнасць прызнала Мікалая Дзядка палітзняволеным.

Падчас рыхтавання сюжэту стала вядома, што праваабаронцы атрымалі адказ з пракуратуры Менску. У дакуменце напісана, што праверкі інфармацыі аб пагрозе жыццю Міколы Дзядка праводзіцца не будзе, бо няма даверанасці на гэтую праверку ад палітвязня.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Бацькі і вучні на адным баку
  • Старэйшы клуб рыцараў пазбавілі памяшкання
  • Пенсіянеры засвойваюць камп’ютарную пісьменнасць

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.