Палітычны пажар у МНС


Працаўнікі МНС таксама сілавікі, але стаяць асобна ад спецслужбаў, міліцыі ды арміі. І таксама бяруць удзел у здушванні пратэстаў. Штопраўда, перадусім – сімвалічных. Разам з камунальнікамі яны палююць на бел- чырвона-белыя сцягі. Якія настроі пануюць сярод працаўнікоў гэтага ведамства, наколькі актыўна іх выкарыстоўвалі пры разгонах у гарачыя дні жніўня і як яны спраўляюцца цяпер са сваймі непасрэднымі абавязкамі – ратаваннем людзей? Даведаемся ў праграме «Шчыра кажучы».

Пасля выбараў падчас пратэстаў шмат хто з ратавальнікаў перажыў адміністратыўныя арышты і штрафавыя спагнанні. Як вынік – страта працы. За недапрацоўванне да канца кантракту ратаўнік МНС застаўся вінны ведамству буйную суму. Гэтак, паводле прэзідэнцкага ўказу «Аб захадах стымулявання вайскоўцаў і працаўнікоў ваенізаваных арганізацыяў», тым, хто праслужыў не менш за пяць гадоў, адзін раз выплачваюць узнагароду пры заключэнні наступнага кантракту. Але, калі ты не адслужыш цалкам новага кантрактавага тэрміну, то гэтую быццам бы заахвочвальную суму давядзецца вярнуць. Для Пятра Шамшэева, які цяпер працуе ў IT-кампаніі, доўг хутка сабралі праз платформу «Сумленныя людзі».

«Калі ты звальняешся не з прычыны праблем са здароўем, то гэтую суму трэба сплаціць. І яе разлічваюць не прапарцыйна часу. Гэта значыць, калі ты нават дзень не дапрацаваў да 5 гадоў, то вяртаеш усю суму цалкам. Я выплачваў 6800 рублёў», – распавядае былы працаўнік МНС Пётр Шамшэеў.

Паводле сталічнае пракуратуры, толькі на дзень 18 верасня ратаўнікі МНС здзейснілі 87 выездаў для «зняцця размешчаных на будынках канструкцый, не прадугледжаных праектаваю дакументацыяй». Былы працаўнік МНС Валянцін Шапчыц тлумачыць, якія акалічнасці змусілі яго звольніцца:

«Здарылася, я б сказаў, абуральная несправядлівасць, калі да нашых кантрактаў ідзе дадатковае пагадненне, у якім прапісана пра няўдзел у палітычным жыцці краіны. Хто працуе ў МНС, такія пагадненні падпісваюць. І калі здарыўся праўладны мітынг на плошчы, я і мае таварышы ўбачылі там усіх нашых начальнікаў, пачынаючы ад міністра – заканчваючы нашымі начальнікамі раённых аддзелаў. Усе стаялі, нехта ў акулярах, але ўсе лёгка пазнавальныя. І калі мы іх спыталі: а як жа так, мы ж па-за палітыкай? То адказ: гэта іншае, гэта не палітыка. У іх за дзейныя ўлады – гэта не парушэнне іх кантрактаў».

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Як нямэтавае выкарыстанне працы ратаўнікоў МНС уплывае на гашэнне пажараў;
  • Што сталася з тымі ратавальнікамі, якія не перадалі пратэстоўцаў, што скокнулі ў Камсамольскае возера, сілавікам;
  • Ці проста прайсці пажарны кантроль таму бізнесу, які падтрымаў Народны ўльтыматум Святланы Ціханоўскай.

Belsat.eu