Палітолаг: У Літвы ёсць падставы не давяраць беларускім уладам


Пагроза суседзям ніколі не будзе зыходзіць з тэрыторыі Беларусі. Гэтак Міністэрства замежных справаў нашае краіны адрэагавала на справаздачу літоўскіх спецслужбаў, у якой сцвярджаецца, што Масква абмяжоўвае самастойную абаронную палітыку Менску.

МЗС Беларусі:

«Заклікаем палітыкаў у Літве прыцішыць ваяўнічы запал і «узяць на ўзбраенне» больш міралюбівы тон. Нашаму рэгіёну патрэбныя мір і згода, а не распальванне нянавісці».

У міністэрстве звязалі даклад з набліжэннем у Літве выбарчых кампаніяў і спробамі некаторых палітыкаў у сувязі з гэтым пасварыць дзве краіны. Штогадовую ацэнку нацыянальных пагрозаў падрыхтавалі літоўскі дэпартамент дзяржбяспекі ды вайсковая выведка. У дакуменце сцвярджаецца, што Расея адводзіць Беларусі ролю «буфернай» дзяржавы ў сваёй вайсковай дактрыне і выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю для дэманстрацыі сваёй вайсковай моцы і для планавання ваенных аперацыяў.

Пра новы віток непаразуменняў паміж Вільняй і Менскам размаўляем з палітолагам Віцісам Юрконісам:

«Эканамічныя стасункі ў нас заўсёды былі нядрэнныя. Але іншае пытанне – геапалітычныя. Арыентацыя Беларусі на Крэмль, той жа Астравец, які хвалюе. Бізнес развіваецца, у гэтым няма нічога дрэннага, але тыя пытанні, якія ўзнімаюцца ў гэтым дакладзе, – існуюць. І шпіянаж, і вучэнні. Захад за ўсім гэтым назірае.

Нашыя міжнародныя стасункі больш разнастайныя, чым раней. І бізнес, і турызм развіваецца. Але ёсць прычыны палітычнага халадку. Недавер да беларускіх уладаў, да гэтага ёсць падставы. Успомнім, у 2009-2010 гадах Літва была першая за тое, каб увесці Беларусь у Еўропу. Беларускі бок нас падвёў, падвёў усё Еўропу і ў першую чаргу сваіх грамадзянаў. З таго моманту ёсць некаторы недавер. Плюс тое ж пытанне Астравецкай АЭС».

Чаму менавіта палітыка Лукашэнкі ўяўляе пагрозу Літве – распавёў таксама сябра парламенцкага камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.

belsat.eu