Палітолаг: На беларускіх выбарах можна ставіць крыж!


Беларускія апазіцыйныя партыі абвясцілі супольную кампанію па назіранні за парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца не пазней за наступны год. Кампанію назвалі «Права выбару-2019».

Галіна Абакунчык высветліла падрабязнасці ў старшыні Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі «Грамада» Ігара Барысава:

«Выбараў у Беларусі няма, але ёсць выбарчая кампанія, якую выкарыстоўваюць палітычныя арганізацыі для рэалізацыі сваіх задач. Але каб казаць, што выбараў няма, трэба гэта зафіксаваць, гэтым і займаецца кампанія «Права выбару». […] Ёсць разыходжанні з яўкай, няма адкрытага, празрыстага падліку галасоў. […] Кампанія назірання мае сэнс. І бачна, што кожны раз, кожны выбарчы сезон, улада спрабуе супрацьстаяць назіральнікам. А там, дзе адбываецца назіранне, яна робіць неверагодныя высілкі, каб павялічыць яўку выбаршчыкаў, арганізаваць больш сваіх назіральнікаў. […] На апошняй выбарчай кампаніі было ноўхаў – з’ява карусельшчыкаў, каб запоўніць пустату на выбарчых участках, бо людзі туды не ідуць…»

Ініцыятыву беларускіх апазіцыйных партыяў таксама абмяркуем з палітолагам Паўлам Усавым:

«Кампанія назірання сама па сабе гэта даволі пазітыўны працэс, бо безумоўна трэба глядзець на тое, як улады арганізуюць выбары і як іх праводзяць… Ад выбараў да выбараў апазіцыя і дэмакратычная супольнасць траціць усё больш і больш актыўных людзей, якія расчароўваюцца ў выбарчым працэсе і дзейнасці апазіцыі – на сёння гэта самая важная праблема, якую ніхто вырашыць не можа. Людзі ўсё менш ідуць на выбарчыя ўчасткі, менш і менш удзельнічаюць у гэтым фальсіфікаваным працэсе. Што сведчыць пра тое, што апазіцыя будзе выкарыстоўвацца ўладамі да таго, каб заахвоціць людзей прыйсці на выбарчыя ўчасткі і фактычна легітымізаваць гэты працэс. Задача назіральнікаў цяпер падкрэсліць, што выбары як працэс не адбыліся, яны не легітымныя. […]

У нас заканадаўства створана такім чынам, што калі ў выбарчыя падліковыя камісіі не будуць дапушчаныя (як гэта было на мінулых выбарах) незалежныя назіральнікі, то на выбарах можна ставіць крыж! І я не разумею, чаму ані апазіцыя, ані дэмакратычная сусветная супольнасць, перад усім АБСЕ не звяртаюць на гэта ўвагі. […] Самае адэкватнае, што можна зрабіць у сённяшніх умовах, гэты не ўдзельнічаць у выбарах. Бо сітуацыю, палітычны рэжым у Беларусі можна змяніць толькі выключна праз пратэсты, а не праз выбары».

belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM