Палітолаг: Лукашэнка паказвае Расеі, што можа звесці Беларусь на Захад


Сённяшняя інфармацыя пра амерыканска-беларускае пацяпленне сапсавала настрой нашым усходнім суседзям. Расейскія медыі і карыстальнікі сацсетак выбухнулі рэакцыяй на магчымую страту свайго ці не апошняга хаўрусніка.

Сайт «Рэпарцёр» змясціў публікацыю пад назвай «Беларусь пастанавіла пераарыентавацца на ЗША», якую адразу ж пачынае з непрыхаванай пагрозы:

«Лукашэнка становіцца на коўзкую дарожку «шматвектарнай палітыкі», якая ўва Украіне завяршылася ўзброеным пераваротам і крахам дзяржаўнасці».

Адыёзны расейскі партал «Царь-Град» у пошуку адказу амерыканцам цытуе карыстальніцу Twitter медыяэкспертку Юлію Віцязеву і каментатараў пад яе допісам «Лукашэнка – кароль шантажу!»:

«Не, не кароль! Хітры ліс, які сядзіць на двух крэслах».

«Гэта гадоў праз пяць вайсковыя базы НАТО будуць і ў Арменіі, і ў Беларусі, і ў Азербайджане, і ў Казахстане».

«Пачатак адлігі? Аааа! Зразумела. Апоны, кактэйлі Молатава…»

А партал з прыгожай назвай «Правда.ру» наагул абверг навіну пра беларуска-амерыканскую адлігу: маўляў, адразу ж пасля публікацыі інфармацыі ў МЗС Беларусі паспяшаліся яе абвергнуць:

«З увагі на ўсё, Беларусь сёння пакуль што не гатовая зрабіць настолькі сур’ёзны крок да наладжвання стасункаў са Злучанымі Штатамі Амерыкі».

Штопраўда, аніякага абвяржэння на сайце МЗС Беларусі няма. Наадварот, ёсць пацверджанне факту двухбаковых тэлефонных перамоваў.

Пра апошнія падзеі мы размаўляем з палітолагам Алесем Лагвінцом (Менск):

«У дадзеным выпадку гэта сфармуляванае жаданне ЗША аб адносінах з Беларуссю. Вядома, у свой час менавіта Менск запатрабаваў скарачэння дыпламатычнага персаналу і нават папрасіў з’ехаць тагачаснага амбасадара ЗША. Тэлефон беларускага боку ў ЗША можа сведчыць пра тое, што ёсць адпаведнае палітычнае рашэнне, што ёсць пэўная праграма тактычных крокаў афіцыйнага Менску, каб паматляць сабакам, паказаць Расеі, што яны такія незалежныя і могуць сапраўды ў пэўны момант, калі Расея будзе сябе паводзіць непрыязным у дачыненні Лукашэнкі чынам, то Лукашэнка нібыта можа звесці Беларусь на Захад. […] Калі такое рашэнне абвяшчаецца міністрам замежных справаў, у пратаколе гэта азначае, што дзяржава надае гэтаму велізарнае значэнне. […]

Стасункі па лініі Захад – Расея для афіцыйнага Менску гэта гульня з нулявым вынікам. Калі набірае больш Расея, то губляе больш Захад, і наадварот. Калі Масква і Менск дамовяцца, не думаю, што гэтая дынаміка пэўнага паляпшэння, нармалізацыі стасункаў з Захадам цалкам спынілася б, хаця яна залежная ад унутраных працэсаў у Беларусі».

belsat.eu