Гарачы каментар Палітолаг: «Бабіч спакойны і насмешлівы, таму што ў Крамлі бачаць усе слабіны беларускага рэжыму»


Амбасадар РФ у Беларусі і спецпрадстаўнік Пуціна Міхаіл Бабіч даў у Менску прэс-канферэнцыю з нагоды 5-годдзя расейскай акупацыі Крыму. Чаму тэма на слыху? Таму што прэс-канферэнцыя, і апошнія рэзкія выказванні Бабіча ў бок беларускага МЗС падаграюць разважанні ў беларускай прасторы пра незалежнасць нашай краіны і пагрозу для яе з боку Расеі.

Адзін з лідараў «Маладога Фронту» і абароны Курапатаў Зміцер Дашкевіч на «медыйны байкот» адрэагаваў наступным чынам:

«Незалежныя СМІ вырашылі не ісці на пастаноўку засланага казачка – гэта нешта новенькае ў нашых шыротах. Калі ў шоу яшчэ аднаго пацыента перастануць удзельнічаць – гэта будзе азначаць, што мы жывем ужо ў новай краіне. У знак павагі да нечаканага і прыгожага ходу не адчыню ніводнай навіны на ніводным сайце з шоу засланца».

Тым часам палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў артыкуле на партале Naviny.by заўважае, што прэс-канферэнцыя атрымалася скамячаная і вялая. І папярэджвае: хоць Бабіч сёння і выглядаў не гэтак па-заліхвацку, як у заявах мінулага тыдня, але гэта зусім не азначае, што прэсінг Масквы саслабне:

«Бабіч спакойны і насмешлівы, таму што ў Крамлі цудоўна бачаць усе слабіны беларускага рэжыму, усю яго абмежаванасць у плане манеўра. Захоўваючы рыторыку, што мы сябры і ўсё разрулім, дэ-факта Менску паказваюць на васальны статус».

Журналіст і грамадскі актывіст Дзяніс Івашын з Горадні – адзін з тых, хто выступіў у Фэйсбуку з рашучым заклікам да беларускіх журналістаў байкатаваць прэс-канферэнцыю Бабіча. І пры гэтым Івашын, як ён сам піша, здзейсніў выведку боем – паспрабаваў акрэдытавацца на мерапрыемства. Аднак расейская амбасада ў акрэдытацыі Івашыну адмовіла.

«Перадусім гэта сведчыць пра тое, што для ўдзелу ў мерапрыемстве абралі паводле пэўных крытэраў толькі правераныя кандыдатуры, якія меркавана задавальняюць заяўніка. З гэтай прычыны будзе вельмі цікава пабачыць, хто будзе там прысутнічаць».

Паказальна атрымалася, хто ж прысутнічаў на прэс-канферэнцыі – гэта практычна спрэс расейскія ды прарасейскія выданні з Беларусі: «Імха-клаб», «Спутник», «Русь едина», «Политринг», «Наш Гомель», «Ведомости», «Евразийское партнёрство» ды іншыя. Што ж да журналістаў, якія маглі задаць вострыя пытанні, то ў акрэдытацыі расейская амбасада адмовіла не толькі Дзянісу Івашыну, але, да прыкладу, і журналістам «Белсату».

Прэс-канферэнцыю Бабіча для «Белсату» пракаментаваў Анатоль Лябедзька, беларускі палітык, Цэнтр еўрапейскага дыялогу:

«Расея перажыла гэты бум пазітыўных эмоцыяў, які быў звязаны з захопам Крыму. Зараз усё больш людзей зазірае ў свае гаманцы і лядоўні – і бачыць рэзкі кантраст. З гэтым звязанае рэзкае змяншэнне папулярнасці Пуціна. Перад Расейскімі паліттэхнолагамі стаіць новая задача: што рабіць, каб вярнуць хвалю пазітыўнага патрыятызму? Гэта можа быць пагрозаю для Беларусі…»

У студыі размаўляем з палітычная аглядальніцай Вольгай Паповіч і Паўлам Усавым, доктарам палітычных навук:

– Чаму некаторыя ўкраінскія палітыкі ў перадвыбарчай гонцы нават не кажуць пра Крым?

Вольга Паповіч: З Бойка ўсё зразумела. У яго праграма такая, у якой нават нічога няма пра Данбас. Зяленскі канкрэтна не кажа пра Крым, Зяленскі кажа аб акупаваных, анексаваных тэрыторыях. Але Зяленскі не з’яўляецца палітыкам таго маштабу, каб мы цяпер прафесійна ацэньвалі яго праграму. Яго феномен – асобнае пытанне ў гісторыі перадвыбарчай гонкі. У Цімашэнка і Парашэнкі ў праграмах Крым ёсць. І што цікава: Цімашэнка кажа пра Парашэнку, што гэта «кандыдат вайны». Але калі мы прачытаем праграму Парашэнкі – у ёй ідзе гаворка аб вяртанні тэрыторыяў і гаворыцца аб дыпламатычна-палітычным рашэнні пытання. А Цімашэнка кажа аб ваенна-дыпламатычным рашэнні. Тое, за што Цімашэнка крытыкуе Парашэнку – гэта папулізм…

– Крым для беларусаў – стаўся навукай?

Павел Усаў: Для большасці, і для грамадства, і для ўладаў – не, бо паводле сацыялагічных апытанняў пераважная большасць беларусаў падтрымлівае дзеянні Расеі ў дачыненні да Крыму. І лічаць, што ніякай анексіі не адбылося. Яны лічаць, што Расея дзейнічала ў межах права, усё законна, усё юрыдычна, і таму ніякага негатыўнага стаўлення да дзеянняў Расеі ў дачыненні да Украіны няма. Большасць грамадства лічыць, што такія дзеянні ў дачыненні да Беларусі Расея не будзе праводзіць і не будзе разгортваць сцэнары кшталту крымскага…

Працяг размовы – у сюжэце.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары