Пальчыс: Канспіралогія папулярная сярод сілавікоў


Стваральнік старонкі 1863x.com каментуе дзейнасць Андрэя Іванова, аматара «рускага міру» і тэорыяў змоваў, які чытае лекцыі беларускім чыноўнікам за грошы падаткаплатнікаў.

Андрэй Іваноў – нарадзінец Расеі, выкладчык Інстытуту бізнесу Беларускага нацыянальнага ўніверсітэту, а цяпер лектар таварыства «Веды» (з якога, дарэчы, калісьці выйшаў і сам Лукашэнка) і вялікі аматар сепаратызму на Данбасе. Іваноў прыцягнуў увагу журналістаў «Нашай Нівы» сваймі лекцыямі па ідэалогіі для працаўнікоў райвыканкамаў і аблвыканкамаў.

Паводле Іванова, сённяшняя Беларусь акупаваная і жыве ўва ўмовах вайны, «якая яшчэ больш звыродлівая, чым тая, калі фашысты палілі вёскі». А прысутныя на лекцыях мужчыны павінны быць гатовыя надзець камуфляж і ўзяць у рукі аўтаматы.

«Тое, пра што кажа Іваноў, я чытаў 7–8 гадоў таму, – прызнаецца Эдуард Пальчыс. – Цэльны светапогляд утвораны там быў з тэорыяў змовы, адказам на кожную праблему была поўная лухта. Найбольш уражвае, што ў адрозненні ад іншых краінаў, дзе гэта становіцца часткай маргінальнай культуры, у Расеі і ў нас такія погляды даходзяць да высокага чынавенства. Аляксандр Лукашэнка сам калісьці казаў пра «залаты мільярд».

Паводле нашага суразмоўцы, гэта небяспечна, бо грамадства гэтага не бачыць:

«Мы гэтага не бачым, а ў войску, сярод сілавікоў і спецслужбаў такія ідэі вельмі папулярныя».

Поўную размову Валерыя Руселіка з Эдуардам Пальчысам глядзіце ў «Гарачым каментары»