Пакуль з невінаватых выбіваюць прызнанні, забойцы ходзяць на свабодзе


Галіна Мамедава ўжо трынаццаць гадоў чакае з турмы свайго сына Раміза. Чакаць ёй яшчэ доўгіх 11 гадоў. Увесь гэты час жанчына спрабуе даказаць невінаватасць сына.

Яна цвердзіць, што Раміза катаваннямі прымусілі ўзяць на сябе віну за забойства. У ноч затрымання да Раміза тройчы выклікалі хуткую. Спадарыня Галіна дагэтуль не ведае, з якой прычыны да ейнага сына прыязджалі медыкі. Раміза Мамедава асудзілі за забойства стрыечнай сястры. Гісторыя Раміза не выключная.

Прыклады жорсткага абыходжання з людзьмі, якіх утрымліваюць пад вартаю, час ад часу ўзрушваюць грамадства. На жаль, пра катаванні за кратамі становіцца вядома пасля смерці зняволенага. Адмыслоўцы лічаць, што кожны гэткі трагічны выпадак патрабуе пільнага расследавання.

Таксама ў праграме «Маю права»:

Апытанне: ці можна апраўдаць катаванні?

Сёння, калі дзяржава прэтэндуе на званне дэмакратычнага ўтварэння, гуманнасць мусіць стаць яе асноваю. Тым не менш катаванні ў розных праявах адбываюцца дагэтуль. Мы запыталіся ў менчукоў, што можна лічыць катаваннямі і ці можна іх апраўдаць.

Людзі сталага ўзросту гуртуюцца, каб дапамагчы адно аднаму

Чырвоны крыж згуртаваў людзей сталага ўзросту ў ініцыятыўныя групу.

У Жодзіне гэткая група дзейнічае на базе мясцовага цэнтру сацыяльнае дапамогі насельніцтву. Спадарыня Галіна – адна з удзельніц згуртавання, яна як валанцёрка дапамагае іншым рабіць штодзённыя справы. Дапамога можа быць розная: прыгатаваць ежу, прыбрацца. Але, вядома, галоўнае не гэта. Візіты валанцёраў да старых – бадай адзіная магчымасць пазбавіць тых ад адзіноты.

Месца летняга адпачынку і канфлікт паміж бацькамі ды чыноўнікамі

Уладзь і Стас – прыёмныя дзеці. Браты выхоўваюцца ў сям’і Кашыных з двухгадовага ўзросту. Цяпер яны падлеткі. Аднак гэта не перашкодзіла аршанскім чыноўнікам з аддзелу адукацыі забраць хлопцаў з сям’і больш чым на месяц.

Спадарыня Алена, іхная прыёмная маці, якраз пераафармляла дакументы на апякунства. На думку Алены, канфлікт з мясцовымі чыноўнікамі пачаўся пасля таго, як прыёмныя бацькі выказалі незадаволенасць тым, што дзеці з іхных сем’яў падчас летніх вакацыяў маюць бавіць час у школах, а не ў летніках.

Кіламетр сапраўднага бездарожжа

Ад вёскі Антанішкі да менскай кальцавой дарогі наўпрост усяго адзін кіламетр.

Аднак дарогаю да вёскі – усе пяць. Набліжанасць да сталіцы тут не адчуваецца, а наадварот, ствараецца ўражанне, што цывілізацыя абышла гэтае месца. Апошні раз дарогу тут рамантавалі гадоў з 20 таму, цяпер яе толькі раўняюць грэйдарам. Да таго ж у вёсцы няма газу, а на ўскрайку невядомыя стварылі сметнік тэхнічных і будаўнічых адкідаў. І калі праблему газу і сметніку вяскоўцы здольныя развязаць самі, кіламетр дарогі ім дапаможа адрамантаваць толькі цуд.