Пакуль дохнуць толькі жывёліны. На Магілёўшчыне працягвае працу небяспечны завод


Летась увосень жыхары паселішча Вейна на Магілёўшчыне пачалі заўважаць дзіўны пыл, да таго ж з’явіўся непрыемны пах.

«Дачка выйшла пагуляць на вуліцу з маленькай унучкай і апранула белую куртку. Праз некаторы час яна кажа: «Мама, у мяне нейкія шматкі на куртцы!» Паглядзелі на снег, а ён увесь чорны», – узгадвае жыхарка Вейна Людміла Костусева.

Толькі праз некалькі дзён тутэйшыя даведаліся, што завод «Омск Карбон Магілёў» пачаў працу ў тэставым рэжыме. Да жылых дамоў – менш за кіламетр. Цяпер прадпрыемства часова не працуе, але ад ліпкае сажы – не пазбавіцца.

Адразу пасля запуску заводу ў Генадзя Волкава памерлі больш за семдзесят трусоў.

«Сталі падаць проста так. Ніякіх сімптомаў не было ні на пысе, ні на лапах, нідзе. Прыйдзеш з працы, усё… ляжыць, нічога не ведаеш» – распавядае спадар Генадзь.

Мясцовыя звязваюць падзеж жывёлы менавіта з выкідамі. Бо трусы загінулі ва ўсёй вёсцы адначасова. Людзі не разумеюць, як пры такім суседстве далей весці гаспадарку. Але вытворчасць забруджвае не толькі паветра, а і ваду.

«Усё ўпадае ў раку Навасельскую, там знаходзілася добрае возера, дзе мы ўвесь час купаліся з дзецьмі», – кажа жыхар Вейна Віктар Пруднікаў.

Цяпер санітарныя органы забаранілі купацца і вудзіць рыбу ў мясцовых вадаёмах. Бо забруджванне перавышае дапушчальныя нормы ў 600 разоў.

Мы трапілі на сустрэчу кіраўніцтва Магілёўскага раёну і заводу «Омск Карбон Магілёў» з жыхарамі Вейна. На звароты мясцовых чыноўнікі адказваюць, што экалагічная сітуацыя ў раёне нармалёвая. Са словаў чыноўнікаў, выкіды былі нязначныя, і надалей праца заводу на наваколле не паўплывае. Аднак людзі не вераць у гэткія гарантыі бяспекі.

Разам з мясцовы праваабаронцам Уладзімірам Краўчанкам мы накіраваліся бліжэй да заводу, каб пабачыць санітарную зону вакол прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў».

«У санітарнай зоне 40% тэрыторыі павінна быць засаджана зялёнымі насаджэннямі, устойлівымі да хімічнага забруджвання. Гэтага зроблена не было. Пасадкі займаюць меней за 10% гэтай тэрыторыі», – сцвярджае спадар Краўчанка.

Таксама пры будаўніцтве заводу не зрабілі неабходных захадаў для зніжэння шкоднага ўплыву. Каб дабіцца кампенсацыі за нанесеную шкоду, жыхары пастанавілі падаць у суд на ўласнікаў і кіраўніцтва заводу. Але юрысты збіраюцца пайсці яшчэ далей і хочуць стварыцьназіральную камісію, якая будзе кантраляваць дзейнасць цэнтраў кантролю за паветрам, выкідамі ў вадаёмы і ў зямлю хімічных рэчываў.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Шматдзетнай сем’і абмежавалі пад’езд да сваёй сядзібы
  • Мінакі – пра стасункі з чыноўнікамі
  • У Салігорску з’явіўся незалежны прафсаюз
  • Літаратурны вечар скончыўся дарожным здарэннем

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.