Студыя «Белсат» Паказалі расейцам, што значыць гуляць у гандбол


Маскоўскі «Спартак» разбіты ў Берасці. Першую перамогу на міжнароднай арэне ў гэтым сезоне атрымалі гульцы гандбольнага клубу імя Мяшкова. У роднай «Вікторыі» беларускі клуб разграміў гасцей з Расеі – 35:24.

Абодва клубы няўдала стартавалі ў гэтым сезоне: БГК прагуляў усе важныя матчы пачатку сезону. Ён саступіў у чэмпіянаце Беларусі СКА, у СЕГА Лізе «Вэспрэму» і ў Лізе чэмпіёнаў «Порту», аддаўшы партугальцам пераможную гульню. І гэта не магло не ціснуць на гандбалістаў БГК.

Аляксандр Шкурынскі, паўсярэдні БГК імя Мяшкова:

«Важна, што выйгралі, пасля мінулай гульні былі трохі псіхалагічна падушаныя, таму што вельмі дрэнна калі прайграеш такую важную гульню, якую павінны былі выйграць. Сёння згулялі не на 100%, маглі згуляць на шмат лепш, шмат не рэалізавалі ў атацы. У абароне нядрэнна згулялі першы тайм, але пасля перапынку расслабіліся, але галоўнае, што перамаглі».

«Спартак» з паразы стартаваў у СЕГА Лізе, а з еўракубкаў вылецеў, саступіўшы шведскаму «Мальмё». У гэтым матчы вырашалася, у каго працягнецца чорная паласа. Аказалася, што другая расейская каманда не раўня найлепшаму клубу Беларусі.

– Вынік, вядома, сумны для нас. Прыехалі, хацелі біцца, змагацца, не ўсё атрымалася. Усё вельмі расчараваны выніковым лікам, – кажа Аляксандр Дзеравень, паўсярэдні «Спартака».

– Уражанні якія БГК вырабіў?

– Добрая каманда, не першы раз у Берасці, тут топ гульцы. Усё згуляна, зладжана, напад, абарона. Супер!

Гаспадары вельмі моцна пачалі гульню, і прымусілі трэнера расейцаў Ігара Леўшына ўжо на 8-й хвіліне пры ліку 4:0 паліць тайм-аўт. Ён не надта дапамог «Спартаку», і гульня была зробленая ўжо пасля першай паловы.

«Спартак» у СЕГА Лізе замяніў вугорскую «Татабаню», з-за расейскага дэбютанта прыйшлося перакройваць каляндар турніру, разводзіць масквічоў і ўкраінскі «Матор» у розныя групы. Арганізатары СЕГА Лігі чакалі, што ў выглядзе «Спартака» атрымаюць добрую каманду, але пакуль другая каманда Расеі выглядае вельмі слаба.

Алег Скопінцаў, кутні «Спартака»:

«Каманда ў нас цяпер адчувае кадравыя праблемы, чакае, калі адновяцца гульцы. Прыкладаем максімум намаганняў, каб годна выступаць. СЕГА Ліга – гэта моцны турнір, вельмі сур’ёзныя каманды, таму нам прыходзіцца нялёгка».

Галоўны трэнер БГК Рауль Алёнса даў пагуляць усім заяўленым на матч палявым гульцам, і амаль усе зрабілі ў пераможны вынік свой галявы ўнёсак. Віцэ-капітан берасцейцаў Вячаслаў Шумак лічыць, што добры пачатак – палова справы:

«Добра пачалі ў абароне, былі хуткія галы. Забілі шмат лёгкі галоў. Настройваліся на іх вельмі ўпэўнена, глядзелі шмат відэа, чакаў супраціву мацней, не ведаю, што ў чужой камандзе здарылася. Сёння мы добра настроіліся на гэтую гульню, паколькі пасля паразы ад «Порту» хацелі рэалізавацца, падняць фізічны дух».

А самым эфектыўным гульцом сустрэчы стаў кутні БГК Мікіта Вайлупаў, які рэалізаваў усе свае дзевяць кідкоў і стаў найлепшым бамбардзірам сустрэчы:

«Было цяжка і лік не адлюстроўвае ўсю складанасць гульні супраць «Спартака». Нам супрацьстаяла моцная каманда, якая добра гуляе ў расейскай Суперлізе, але трэнерскі штаб добра разабраў гульню і мы добра падышлі да гэтага матчу і выйгралі».

У наступную суботу берасцейцаў чакае першы хатні матч Лігі чэмпіёнаў супраць французскага «Манпэлье», а СЕГА Ліга вернецца ў «Вікторыю» толькі ў кастрычніку.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары