Пагрозы РПЦ дакаціліся да Іерусаліму


На тле сённяшняга выбуху ў Керчы немагчыма не прыгадаць зусім нядаўнія абяцанні шэрагу расейскіх палітыкаў заліць Украіну крывёю яшчэ і рэлігійнай вайны. Маўляў, калі Украінская праваслаўная царква атрымае аўтакефалію, то непазбежна пачнуцца рэпрэсіі супраць праваслаўных Маскоўскага патрыярхату. Штопраўда, мова агрэсіі гучыць выключна з вуснаў кіраўніцтва РПЦ, скіраваная, як ні дзіўна, і супраць уласных прыхаджанаў. Гэтак Маскоўскі патрыярхат забараніў сваім прыхаджанам прычашчацца ў святынях Канстанцінопальскага патрыярхату. У тым ліку, у такіх знакавых месцах, як грэцкі Афон. Зрэшты, «Белсату» маскоўскія папы – не ўказ. Ужо зараз маем відэасувязь з Уранопалісам – месцам, адкуль большасць пілігрымаў выпраўляюцца ў Афонскі манастыр. На месцы працуе наш калега Ігар Кулей.

Ігар Кулей, журналіст «Белсату», Уранопаліс:

«Мы сёння сустрэлі тут вельмі шмат расейцаў, беларусаў, украінцаў, якія надалей прыязджаюць. Размаўлялі з тымі, хто з Афона ўжо вярнуўся. Усе кажуць, што для іх гэты падзел нічога не азначае, бо яны як прыязджалі, так і будуць прыязджаць, яны прычашчаюцца, а ўсе гэтыя расколы яны называюць гульнямі палітыкаў. Таксама мы сёння сустрэлі святара УПЦ Маскоўскага патрыярхату, які таксама сказаў, што для яго гэта высокія гульні, і хіба што наверсе пачалі забывацца пра тое, пра што вучыў Езус, што перад усім трэба любіць адзін аднаго».

Мы апыталі жыхароў Віцебску пра тое, як яны ставяцца да расколу.

Наконт пагрозаў. Таксама раней РПЦ прыгразіла разарваць адносіны і з Іерусалімам, калі той падтрымае Канстанцінопаль у пытанні надання аўтакефаліі Украіне. Пераносімся ў Іерусалім. Літаральна да сценаў Храму Труны Гасподняй, дзе ўжо знаходзіцца нашая калега Маша Макарава.

Марыя Макарава, журналістка «Белсату», Іерусалім:

«Масква наказала скончыць адносіны з Іерусалімам у сітуацыі, калі Іерусалімскі патрыярхат падтрымае Канстанцінопаль, у тым гэта пагражае немагчымасцю служэння маскоўскіх і ізраільскіх клірыкаў у Храме Труны Гасподняй. Трэба сказаць, што ізраільскія СМІ, публікаваныя на іўрыце і па-ангельску не вельмі зацікаўленыя гэтай сітуацыяй, увага прыцягнутая да мясцовых праблемаў. Аднак рускамоўныя выданні вядуць актыўную дыскусію, часта перадрукоўваюць англамоўныя матэрыялы пра адыход рускага праваслаўя ў самаізаляцыю і аб магчымым шэсці аўтакефаліяў на тэрыторыі Усходняй Еўропы ў будучыні. Адно з выданняў апублікавала карыкатуру, дзе было сказана: Маска разарвала адносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам, на чарзе хіба што Ісус Хрыстос…»