«Падзея сезону: Імперыя моды «LVMH» пашыраецца


Што, увогуле, адбываецца ў фэшн-індустрыі на сусветным узроўні? Адказ: імкненне да манапалізацыі. Працэс сурʼёзны, гаворка пойдзе не пра новыя модныя мадэлі адзення, але пра бізнес.

Дом моды Луі Віттон месціцца на Елісейскіх палях у Парыжы. Гэты лэйбл, а таксама «Kenzo», «GIVENCHY», «Bvlgari» і шэраг іншых абʼядноўвае фэшн-імперыя «LVMH». Гаспадары імперыі – Бэрнар Арно і ягоны сын Антуан. З еўрапейскага ўзроўню яны прагнуць узняцца на глабальны.

Канцэрн «LVMH» пашыраецца ў Японіі, Кітаі, а таксама ў Злучаных Штатах Амерыкі.

Сёлета Бэрнар Арно сустракаўся з Доналдам Трампам, які паабяцаў амерыканскаму народу шмат працоўных месцаў у выніку іхнай дамовы. Арно падкрэсліў, што «LVMH» пабудуе шэраг новых прадпрыемстваў у ЗША. Апрача ўсяго, канцэрн «LVMH» набывае дом моды «Dior». Кошт набытку – 7 з лішкам мільярдаў долараў.

«Dior» – гэта «Dior». Я заўжды апранаюся там, – заявіла экс-расейская топ-мадэль Наталля Вадзянава, цяпер яна ёсць дзяўчынай сына гаспадара «LVMH» Антуана.

Лічыцца, што набыццё дома моды «Dior» канцэрнам «LVMH» будзе адбывацца паэтапна і завершыцца ў другой палове 2017.

Глядзіце таксама:

Тым часам амерыканскі дызайнер Келвін Клайн прывабіў увагу прамоцыяй новай калекцыі сваёй бялізны. Яе прэзентуюць не хударлявыя мадэлі, але акторкі кіно, як Кірстэн Данст ці Рашыда Джоўнз. Кампаніяй, увогуле, займаецца рэжысёрка кіно Софʼя Копала. Цвіком зрабілася выдатная акторка Лорэн Хаттан, якой цяпер 73.

«Ён нечакана падышоў да мяне і запытаўся: ці возьмеш удзел у маёй рэкламе. У блакітных вачах Келвіна Клайна электрычнасць і я адказала – добра. Але ў адным блоку, не болей», – распавяла акторка.

Іншымі словамі, Келвін Клайн спрабуе разбурыць стэрэатыпы. Ягоныя распрацоўкі рэкламуюць не хударлявыя дзяўчаты, але жанчыны любых узростаў.

Сяргей Філімонаў, belsat.eu