Падводзім вынікі 100-дзённага супрацьстаяння


У праграме «Давайце разбірацца» высвятляем, як няспынныя пратэсты паўплывалі на кіраванне беларускай дзяржавай і на трываласць улады Аляксандра Лукашэнкі.

Амаль праз 100 дзён з часу прэзідэнцкіх выбараў фактычным кіраўніком краіны застаецца Аляксандр Лукашэнка. 5 лістапада ягоныя прэзідэнцкія паўнамоцтвы закончыліся – разам з пяцігадовай кадэнцыяй, распачатай з прысягі 6 лістапада 2015 года. І 6 лістапада набылі моц новыя санкцыі Еўразвязу датычна Беларусі. У пашыраны санкцыйны спіс улучылі Аляксандра Лукашэнку, а таксама ягонага сына і памочніка ў справе нацыянальнай бяспекі Віктара Лукашэнку.

«Крэмль найперш яго прыціскае. Таму што Лукашэнка ў пікавы момант, калі адчуваў, што вельмі хісткая сітуацыя, магчыма, даў Пуціну абяцанні, што правядзе рэформы і сыдзе праз пару гадоў. І не будзе ў наступных выбарах удзельнічаць. Але потым ён паглядзеў: можа, не ўсё страчана, можа, на сённяшні момант ён прыкідвае варыянты, як застацца», – лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Паводле Канстытуцыі Беларусі выконваць абавязкі кіраўніка краіны з 5 лістапада меўся б прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, які раней працаваў старшынём Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту. Пасля спрэчных выбараў і штодзённых масавых пратэстаў Лукашэнка стаў часцей ставіць на цывільныя пасады сілавікоў.

«Увогуле, калі паглядзець, то дэ-факта шмат якія элементы надзвычайнага становішча сёння ў Беларусі ўведзеныя. Па-першае, сілавікам дадзеныя надзвычайныя паўнамоцтвы, па-другое – закрытыя межы, па-трэцяе – моцна абмежаваная свабода сродкаў масавай інфармацыі, увогуле пра свабоду нельга казаць. Ну і дэ-факта забароненыя масавыя мерапрыемствы, людзі выходзяць, але ж мы бачым, як брутальна дзейнічаюць сілавікі», – дадае Аляксандр Класкоўскі.

Туманнымі выглядаюць і перспектывы дыялогу паміж уладамі і апазіцыяй. Святлана Ціханоўская не раз казала, што хацела б сустрэцца з прэзідэнтам Расеі і бачыць яго адным з медыятараў на перамовах аб выхадзе з палітычнага крызісу ў Беларусі. Але, на думку маскоўскага палітолага Андрэя Суздальцава, Крэмль будзе размаўляць са Святланай Ціханоўскай толькі ў адным выпадку: калі яна прыйдзе да ўлады дзякуючы перамозе пратэстаў.

Таксама ў праграме «Давайце разбірацца»:

  • Ці збіраецца новая ўлада прадаваць дзяржаўныя прадпрыемствы і разварочвацца ад Расеі?
  • Чым нашая рэвалюцыя адрозніваецца ад падзеяў ва Украіне і Кыргызстане?

Калаж з фота: Maxim Guchek / Belta / TASS / Forum, belsat.eu

Belsat.eu