Падпалкоўнік пакаяўся, што верыў Лукашэнку


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – выбарчая кампанія, рэпрэсіі над актывістамі і журналістамі, эпідэмія каронавірусу. Каментары пацярпелых з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Дзясяткі затрыманняў за выходныя па ўсёй краіне і суды ў розных гарадах. Звальняюць з працы фельчара з Ліды Паўла Палейчыка, які адважыўся казаць праўду пра каронавірус, а потым трапіў на 7 содняў арышту. Пра пікеты для збору подпісаў у Гомлі, Горадні, Менску распавядаюць нашыя журналісты. Падпалкоўнік у адстаўцы з Горадні Аляксандр Фурманаў, які раней галасаваў за Лукашэнку і цалкам яго падтрымліваў, расчараваны ў сістэме. Ягонага сына Змітра, які збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую, арыштавалі на вачах бацькі.

Несправядлівасць, якая напаткала былога вайскоўца і ягоную сямʼю, – у размове са спадаром Аляксандрам. Сваю ацэнку сітуацыі дае кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які мае адну галоўную параду для ўсіх: салідарнасць. А жыхарка сталіцы Юлія з сяброўкамі вырашыла нагадаць сілавікам, што мы ўсе беларусы. Дзяўчаты раздавалі ружы і праваахоўнікам, і тым, хто выказваецца за перамены. Ці паяднаюцца ахвяры і каты? Запрашае Сяргей Падсасонны.

Пішыце каментары і прапановы на наш электронны адрас BELSAT@GMAIL.COM

Калаж з фота: belsat.eu