Падпалкоўнік міліцыі ў запасе: Давяраць ім я б не стаў


Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень міліцыі. З айчыннымі праваахоўнікамі ў «Белсату» за гэтыя 11 гадоў склаліся асаблівыя дачыненні. Напрыклад, напярэдадні нашага калегу з Берасця Алеся Леўчука затрымлівалі ажно некалькі працаўнікоў ведамства Ігара Шуневіча. Кадры «спецаперацыі» берасцейскай міліцыі – вашай увазе.

А якое стаўленне да міліцыі ў грамадзянаў? Ці давяраюць яны прадстаўнікам праваахоўных органаў? Апублікаваных даследаванняў незалежных сацыёлагаў няма. Аднак меркаванне жыхароў абласных цэнтраў і Менску вывучыў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце. Усяго апыталі каля 1600 рэспандэнтаў.

  • Паводле сабраных дзяржаўнымі сацыёлагамі звестак, органам унутраных справаў без уліку ДАІ давярае крыху больш за 70% апытаных. З недаверам да міліцыі ставяцца 20% рэспандэнтаў.
  • Амаль траціна апытаных пачуваецца неабароненай ад магчымага свавольства з боку сілавікоў.
  • Сярод недахопаў праваахоўных і кантрольных органаў большасць назвала бюракратызм і ігнараванне заканадаўства.
  • Больш за 20% незадаволеныя грубасцю, няўважлівасцю, закрытасцю структуры і непрафесіяналізмам кадраў. Рэшта адзначыла праявы карупцыі ды фальсіфікацыю матэрыялаў.

Пра давер да айчыннай міліцыі размаўляем з падпалкоўнікам міліцыі ў запасе, выконваючым абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым:

«Думаю, што давяраць я б не стаў, таму што на сёння, на мой погляд, міліцыя выконвае больш рэпрэсіўную функцыю, чым праваахоўную. Мы гэта бачым з тых публічных скандалаў, пра якія чытаем у Інтэрнэце, што супрацоўнікам міліцыі ставіцца план па штрафах, па пошуку парушэнняў, і гэта па ўсёй краіне. Мы бачым, што такая рэч, як папярэджванне проста выключаная з жыцця міліцыі. Міліцыя проста займаецца зборам грошай. […] Добры супрацоўнік заўсёды прыйдзе на дапамогу. Але мы ведаем як такія, так і іншыя сітуацыі (працяг размовы – у сюжэце)…»

Віншаванні з Днём міліцыі прагучалі сёння і ад самага галоўнага сілавіка – міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. Паводле міністра, грамадства ніколі не было абыякавым да праблемаў аховы парадку. А цяпер наагул – няма аніводна аспекту дзейнасці міліцыі, які б не патрапіў пад пільную ўвагу беларусаў.

«Стратэгічнаю задачаю для нас застаецца павышэнне ступені даверу насельніцтва. Любы грамадзянін павінен бачыць у супрацоўніку органаў унутраных справаў не толькі вартавога парадку, але і чалавека, гатовага ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу», – цытата Ігара Шуневіча.

А чаго жадаюць міліцыянтам жыхары сталіцы?

belsat.eu