Падаткавая даслала «ліст шчасця» нябожчыку


Каля 50 тысяч грамадзянаў атрымалі з падатковых органаў абвесткі пра аплату падатку на дармаедства.

Падатковыя органы выявілі каля 50 тысяч грамадзянаў, якія, на іхную думку, ёсць утрыманцамі, і скіравалі ім гэтак званыя «лісты шчасця». Цяпер людзі мусяць або даказаць, што ў 2015 годзе мелі больш за 183 працоўныя дні, або сплаціць падатак на дармаедства. Праўда, у гэтым шэрагу фігуруюць і асобы, якія ўвесь час працавалі, знаходзяцца ў адпачынку для догляду дзіцяці або наагул сканалі яшчэ да пачатку дзеяння Дэкрэту № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Да таго ж, нягледзячы на тое, што памылку зрабілі падатковыя органы, людзі мусяць ісці да іх самі ды даводзіць сваю невінаватасць.

Мінакі на вуліцах сталіцы пра тое, як зрабіць працу на карысць дзяржавы прывабнаю для грамадзянаў

Грамадзяне, якія не працавалі летась больш за паўгода, да 15 лістапада мусяць заплаціць 420 рублёў гэтак званага падатку на дармаедства. Чыноўнікі палічылі, што гэткіх асобаў у нашай краіне больш за 400 тысячаў. Мы запыталі мінакоў, чаму ў краіне столькі ўтрыманцаў і якім чынам заахвоціць людзей працаваць на карысць сваёй дзяржавы.

Не панскае жыццё ў помніку…

У вёсцы Янавічы Клецкага раёну ў заняпад прыходзіць сядзіба першае паловы XIX ст. Пасля вайны тут пасяліліся 11 сем’яў, цяпер засталіся тры апошнія жыхаркі. Ірына Папко, адна з іх, у панскім маёнтку жыве ўжо 60 гадоў. Працяпляць такое жытло для людзей заўсёды было няпроста. Аднак цяпер гэта стала сапраўднаю праблемаю, бо дом у аварыйным стане. Спадарыні Ірыне і ейным суседкам прапаноўвалі розныя варыянты адсялення, кожны з якіх для чалавека сталага ўзросту быў нязручным. Магчыма, дзякуючы журналісцкай увазе, мясцовыя чыноўнікі, нарэшце, знайшлі адпаведныя кватэры для жанчын.

Тройчы пакараная…

Юрыстку і праваабаронцу Тамару Сяргей праз суд намерыліся пазбавіць пасведчання кіроўцы. Суд Цэнтральнага раёну Менску аштрафаваў лідарку грамадзянскае ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» на 840 рублёў за арганізацыю вулічнае акцыі ды ўдзел у ёй. Мэтаю акцыі было прыцягнуць увагу да праблемы адпісак, што атрымліваюць грамадзяне, звяртаючыся ў судовыя органы. Каб спагнаць штраф, кватэру праваабаронцы маюць заарыштаваць.

На думку Тамары Сяргей, намерыўшыся пазбавіць пасведчання кіроўцы, улады спрабуюць ціснуць на яе за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Бо гэткія захады ўжываюць толькі тады, калі ў пакаранай асобы няма крыніцаў прыбытку, але ж у ейным выпадку гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Няскораная Асмалоўка

Спрэчкі вакол сталічнага раёну Асмалоўка не сціхаюць ужо каторы год. Раён планавалі знесці, аднак гэта моцна ўзрушыла грамадскасць. Мясцовыя жыхары сабралі подпісы, каб надаць Асмалоўцы статус гістарычна-культурнае каштоўнасці. Пакуль гарадскія ўлады на забудове раёну не настойваюць. Аднак грамадзяне падтрымліваюць увагу да сваёй праблемы разнастайнымі акцыямі. Гэтым разам яны намерыліся змагацца са стыхійнымі паркоўкамі каля сваіх дамоў. У кастрычніцкую суботу людзі высадзілі некалькі дзясяткаў кустоў, каб абмежаваць заезд аўтамабіляў на тэрыторыю сваіх двароў.