Пад прызыў трапляюць нават тыя, у каго адтэрміноўка. Што адбываецца?


У лютым гэтага года Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся, што ў войску не хапае прызыўнікоў. Амаль імгненна дзяржаўная машына пачала дзеяць.

23-гадовы Аляксандр Аўсянікаў жыве ў паселішчы Бароўка Лепельскага раёну разам з бабуляю і маці.

«Сёлета ў лістападзе са мною скантактаваўся начальнік аддзелу прызыву. Ён мне паведаміў, што я падлягаю прызыву ў войска, – кажа маладзён. – Я быў вельмі здзіўлены, бо на дадзены момант я маю адтэрміноўку да 2023 года ў сувязі з тым, што мая маці мае інваліднасць ІІ групы».

Hавiны
У сувязі са складанасцямі прызыву. Самотнага бацьку забралі ў войска
2019.06.27 12:37

Пасля гэткіх навінаў Аляксандр выправіўся ў сталіцу на прыём да намесніка начальніка Генеральнага штабу Узброеных Сілаў. Але там нашаму герою замест тлумачэнняў выдалі накіраванне на медычны агляд для прызыву ў войска.

Маці Аляксандра пакутуе на псіхічную хваробу. Суд прызнаў яе недзеяздольнаю: жанчына не можа жыць без старонняй дапамогі ды догляду.

«Маёй маці неабходны сталы догляд. Яна не робіць нават элементарных справаў. Даводзіцца гатаваць ежу, накладаць, выконваць за яе ўсё магчымае», – распавядае Аляксандр Аўсянікаў.

Hавiны
Палажэнне аб прызыве ў войска: як будуць уручаць позву і ці могуць прызваць пасля 27 год?
2019.11.10 20:45

Штотыдзень Аляксандр на чатыры дні з’язджае з Бароўкi у Менск на працу. У гэты час спадарыню Алену даглядае ейная маці, але Аляксандр увесь час на сувязі з домам.

Афіцыйна апякунка спадарыні Алены – ейная 70-гадовая маці, Надзея Кардаш. Цяпер яна вельмі шкадуе, што аформіла апякунства на сябе, а не на ўнука. Жанчына кажа, што без ягонай дапамогі ёй цяжка спраўляцца.

«У сувязі з маім узростам, мне цяжка аказваць паўнавартасную дапамогу сваёй дачцэ», – кажа спадарыня Надзея.

Аб’ектыў
«Як можа быць прэстыжным беднае войска?» Беларусаў навучаць любіць войска
2019.07.14 22:47

Каб развязаць праблему з прызывам у войска Аляксандр Аўсянікаў звярнуўся па дапамогу да праваабаронца. Разам з Алегам Волчакам, кіраўніком арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву», ён адправіўся ў ваенкамат высветліць, чаму адтэрмінаванне раптам сталася несапраўдным.

«Зараз мы з Аляксандрам пойдзем у раённую пракуратуру, – кажа Алег Волчак, – каб атрымаць афіцыйныя тлумачэнні».

Hавiны
Прызыў у беларускую армію павялічаць на 3000 чалавек
2019.08.23 15:58

Тым часам карэспандэнт праграмы «Маю права» таксама паспрабаваў узяць каментар у Сяргея Сініцкага, намесніка пракурора Лепельскага раёну.

«Я папросту не ўпаўнаважаны, я – не афіцыйны прадстаўнік пракуратуры», – вось што пачулі мы ад намесніка раённага пракурора.

Hавiны
Не ільготы, а рэальныя рэформы завабяць навабранцаў у войска
2019.10.19 14:43

Пасля візіту ў пракуратуру ў Аляксандра Аўсянікава разам з Алегам Волчакам з’явілася надзея, што сітуацыя з адтэрмінаваннем прынамсі не пагоршыцца.

«Ніякіх рашэнняў па справе Аляксандра пакуль няма. Але адназначна, як мы зразумелі з вуснаў намесніка пракурора, адтэрміноўка ў яго законная, – распавядае Волчак. – У любым выпадку, яны павінныя сабраць усе дакументы і даць ацэнку ягонай прыдатнасці да войска і з адтэрміноўкаю».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • У гаражным кааператыве няма ўправы на старшыню
  • Менчукі дамагаюцца спрыяльнага асяроддзя
  • Беларусы – пра развязанне сваіх праблемаў
  • Жыхары Фаніпалю наракаюць на недахоп транспарту

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.