Асабісты капітал Па 1000 ці па 400: колькі зарабляюць беларусы?




Сярэдні заробак у Беларусі ў кастрычніку быў 999 рублёў. Медыянны ж летась складаў 710 рублёў, а мадальны – 394. Мы пастаянна чуем, яе расце сярэдні заробак, але яго, насамрэч, ніхто не атрымлівае. А колькі ж насамрэч атрымліваюць беларусы і як чыноўнікі маніпулююць лічбамі?

Спадарыня Наталля працуе апаратчыцай на ачышчальных збудаваннях Менскага трактарнага заводу. Як прыйшла пяць гадоў таму – гэтак ейны заробак амаль і не павысіўся. У той час, калі ўсе апаратчыкі атрымліваюць 700–800 рублёў, яна 400–450. Тлумачаць гэта пакараннем за кепскую працу.

«Дрэнна працую, бо не пагаджаюся адная ўсё гэта цягнуць на сабе», – упэўненая Наталля Пісарава, апаратчыца на Трактарным заводзе.

Праблемы Наталлі пачаліся, калі змяніўся беспасярэдні кіраўнік. Не спрацаваліся. Нервы, 4 гіпертанічныя крызы за адную зіму, па 2 тыдні на бюлетэні. Здароўе рэзка пагоршылася. Праз вільгаць і холад развіліся артрыт, артроз, астэапароз. Ад нагрузкі на руках ужо не згінаюцца пальцы. Жанчыне цяжка нават лыжку трымаць у руках. Але лягчэйшай працы ёй не даюць, а пазбаўляць прэміі за тое, што не спраўляецца, – не забываюць.

«Каля сотні сыходзіць на ўсе лекі, і ўсе юбілейныя мае пайшлі на лячэнне рук», – тлумачыць Наталля.

Яшчэ сотня – на маршруткі з Пухавічаў да Менску. Бо ў электрычцы схапіцца за парэнчы яна ўжо не можа. Знайсці іншую працу з такімі дыягназамі складана, а Трактарнаму, дзе пакінула сваё здароўе, жанчына, атрымліваецца, ужо не патрэбная.

Святлана працуе ў Полацку на швейным прадпрыемстве. У гэтым месяцы жанчына вельмі старалася, заставалася вечарамі ды зарабіла ажно 380 рублёў. Паводле прафесіі яна швачка, аднак каб шыць, вочы ўжо не тыя. Таму працуе тэрмааздабляльніцай.

«Там вельмі малыя расцэнкі: адная хвіліна 6 капеек, а гольфік ці блузка – 8 хвілінаў на выхадзе», – прыводзіць прыклад прасавальніца Святлана Аглушэвіч.

Святлана працавала і ў крамах, і ў хімчыстках. У адным месцы да заканчэння кантракту прымушалі згадзіцца на горшыя ўмовы працы. Яна не пагадзілася, давялося сысці. Год шукала працу. Але цяпер больш працаваць і менш зарабляць – норма. Таму жанчына ашчаджае, як можа.

Зірнем на звесткі Белстату. У кастрычніку сярэдні заробак быў 999 рублёў, ёсць спадзяванні, што ў снежні ён дасягнуў тысячы, але ў студзені, як прагназуецца, зноў знізіцца. Медыянны заробак апошні раз лічылі ў траўні, і тады ён складаў» 710 рублёў, а сярэдні тады ж быў каля дзевяцісот пяцідзесяці. А ёсць яшчэ і мадальны заробак, яго таксама лічылі ў траўні, і ён склаў усяго 394 рублі.

«Уявіце сабе, што ўсіх грамадзянаў РБ паставілі ў адзін вялізны шэраг паводле заробку – ад самага маленькага да самага вялізнага. Вось які пасярэдзіне чалавек з ягоным заробкам – гэта будзе медыянны заробак, – тлумачыць на пальцах розніцу паміж тэрмінамі кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

Медыянны заробак больш набліжаны да сапраўдных даходаў звычайнага грамадзяніна. Таму ён заўсёды на 20–30 % ніжэйшы за сярэдні. А мадальны заробак – гэта тыя грошы, якія людзям плоцяць часцей за іншыя. То бок найчасцей беларусы атрымліваюць каля 400 рублёў заробку, нават калі сярэдняя лічба ў краіне набліжаецца да 1000 рублёў.

За доўгі час статыстычных назіранняў эксперт заўважыў, што ў разліках рэальнага заробку, з улікам выплатаў у капэртах, можна арыентавацца на кошт нерухомасці: 2 заробкі – кошт 1 м².

Людзі лічаць справядлівым гэты кошт і гатовыя плаціць. Пры такім падыходзе атрымліваецца, што ў Менску рэальны сярэдні заробак каля 600 долараў, а ў Берасці – 350.

Што датычыць 2019 года, то прагноз эксперта просты: багатыя будуць багацець, а бедныя іх даганяць не будуць. Багацець будуць айцішнікі, фінансісты ды нафтавікі. Калі вы не адзін з іх, то зацягвайце паясы – або мяняйце прафесію.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Экспарт расце, а пазычаем усё больш
  • Выпадкова прачнуўся ўначы – і застаўся жыць. Як палачанін згубіў усё за 20 хвілінаў
  • Каму снег прыносіць прыбытак

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары