Нью-Балбасава. NEXTA на Белсаце


Больш за чвэрць стагоддзя Аляксандр Лукашэнка выступае на палітычнай арэне. Здавалася, што мы ўжо ўсё ведаем пра нязменнага кіраўніка нашай краіны. Аднак не, для жыхароў Балбасава Лукашэнка прыбярог кранальную гісторыю са свайго дзяцінства.

Аляксандр Лукашэнка:

«Калі маці атрымлівала мізэны заробак, давала мне 5 рублёў за тое, што я дапамагаў даіць кароў, з’ядаў 10–12 порцыяў марозіва».

Такім чынам, падобна, раскрылася таямніца сіпатага голасу кіраўніка краіны, але надалей застаецца загадкаю, на што ж будучы прэзідэнт выдаткоўваў рэшту грошай – амаль 3 рублі? Ды і пра цяперашнія выдаткі кіраўніка краіны, які жыве на шырокую нагу, шырокай грамадскасці нічога не вядома. Затое нам часам паказваюць буйныя выдаткі з дзяржаўнага бюджэту, які складаецца з нашых падаткаў, але чамусьці пабудаваныя за іх рэчы падаюцца як дасягненне аднаго чалавека.

Аляксандр Лукашэнка:

«Сёння мы ўводзім у эксплуатацыю гэты прыгажун-мост праз нашую цудоўную раку Прыпяць!».

І гэткі пі-ар акупаецца, людзям гэта падабаецца:

«Да, да, падабаецца. Стыль кіравання Лукашэнкі».

Але вернемся ў Балбасава, дзе ў мінулым ступала нага будучага прэзідэнта, а ў будучыні мае паўстаць вельмі неабходнае для пасёлку лётнішча.

Аляксандр Лукашэнка:

«Ён будзе адзін з найлепшых у нашай краіне».

Але балбасаўцы не перасядуць з ровараў на боінгі, яны проста будуць слухаць самалётны гул, бо летакі маюць перавозіць грузы, а не людзей.

Аляксандр Лукашэнка:

«Тут будуць самалёты прылятаць-адлятаць, пастаўляць тавары».

Ну як тут не ўзгадаць класіку.

Бэндэр пра Нью-Васюкі:

«Аэрапорт!»

«Рэгулярнае адпраўленне самалётаў… Мельбурн»

«Масквічы папросяцца ў ваш цудоўны горад. Спакойна, гэтага не трэба баяцца – сталіца аўтаматычна пераходзіць у Васюкі!»

Аляксандр Лукашэнка:

«Хай гэты пасёлак будзе сімвалам непарыўнага сяброўства славянскіх народаў, перадусім расейцаў і беларусаў».

Астап Бэндэр: «Нью-Васюкі становяцца цэнтрам свету, а пазней і Сусвету».

Але не ўсе абяцанні спаўняюцца. Гэтак, год таму дырэктар дэпартаменту авіяцыі абяцаў здачу ўзлётнай паласы на менскім лётнішчы:

УЛАДЗІМІР КОСЦІН, ДЫРЭКТАР ДЭПАРТАМЕНТУ АВІЯЦЫІ МІНІСТЭРСТВА ТРАНСПАРТУ І КАМУНІКАЦЫЯЎ:

«Усё выконваецца своечасова, і ў нас няма сёння сумневаў, што ўзлётна-пасадачная паласа будзе здадзеная ў тэрмін. Паводле ўказу, гэта канец 2018 года, але ёсць канкрэтная дата, усталяваная міністрам транспарту і камунікацыяў, – 7 лістапада 2018 года».

Але дасюль адказнага за будаўніцтва паласы Уладзіміра Косціна КДБ затрымала на гарачым за атрыманне хабару. Пакуль чыноўнікі атрымліваюць хабары, беларусы не атрымліваюць нічога.