Някляеў: рэальных крокаў для беларусізацыі нідзе не зроблена


У Магілёве Дзень Незалежнасці мае прайсці з размахам ды на шырокую нагу: толькі на расейскіх спевакоў горад выдзеліць амаль 84 тысячы долараў. У спісе Газманаў і Лешчанка, якім забаронены ўезд ва Украіну праз наведванне Крыму.

«Нідзе ў постсавецкіх рэспубліках не ўбачыш рэкламных шчытоў з фатаграфіямі і праграмамі канцэртаў расейскай папсы. Скажам, Украіна даўно ўжо перакрыла для расейскай папсы інфармацыйныя каналы. І гэта не звязана з вайной – яны проста баранілі свой эстрадны рынак. Яны стварылі самастойную індустрыю і займелі поспех», – мяркуе паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

На думку Някляева, такія вялікія грошы выдаткоўваюцца на расейскую папсу дзеля «задавальнення культурных патрэбаў сучаснай беларускай улады»:

«Сваіх выканаўцаў у нас цалкам дастаткова для таго, каб запоўніць той вакуум, які нібыта існуе ў беларускай песні».

Калі б улады зрабілі стаўку на беларускіх выканаўцаў, то гэта было б вельмі карысна для развіцця беларускай мовы і культуры.

«Колькі не гаворыцца пра мяккую беларусізацыю, але рэальных крокаў для беларусізацыі нідзе не зроблена», – упэўнены Някляеў.