Някляеў: Пратэстоўцы па-мастацку прыгожа пазбеглі канфлікту


Не быць «цярпілам» і вярнуць народу скрадзеную ўладу. З гэткімі патрабаваннямі сёння на Кастрычніцкую плошчу ў цэнтры Менску выйшлі людзі. Не абышлося без сутычак і правакацыяў. Пра сённяшнюю акцыю ў «Гарачым каментары» распавёў адзін з яе арганізатараў Уладзімір Някляеў.

«Акцыя магла быць больш паспяховай, калі б было больш інфармацыі пра яе падрыхтоўку і пра яе правядзенне. Калі б тыя палітыкі, якія ўдзельнічалі ў выбарах, і палітычныя структуры, якія вылучалі прэтэндэнтаў, казалі пра тое, што ў выпадку фальсіфікацыяў, калі ўлады зноў наладзяць палітычны перформанс, таксама выйдуць з пратэстам. Гэтага, на жаль, не адбылося.

Нашая інфармацыйная магчымасць абмяжоўвалася інтэрнэтам, недзе яшчэ былі раскіданыя ўлёткі і павешаныя абʼявы на слупах. Гэтага аказалася недастатковым, каб сабралася істотная колькасць народу», – пракаментаваў сённяшнюю акцыю Уладзімір Някляеў.

«Прыйшлі людзі, якія не баяліся, таму страху ніякага не было. Наадварот была такая ўзважанасць і разуменне таго, што адбываецца. Маю на ўвазе не толькі на Плошчы, але і ў краіне. Разуменне таго, што гэта не проста балаган, які наладзілі ўлады, гэта міна пад будучыню краіны», – заўважыў кандыдат на прэзідэнцтва на выбарах 2010 года.

«Каб нас не абвінавацілі, што мы распачалі нейкі канфлікт, мы проста звялі людзей з Кастрычніцкай плошчы да Цэнтральнай выбарчай камісіі. Людзі вельмі хутка гэта ўсё зразумелі, перастроіліся і пайшлі, абмінаючы магчымасць гэтага канфлікту. Я ім удзячны за гэта. Гэта было зроблена вельмі, я б сказаў, па-мастацку прыгожа», – заявіў Уладзімір Някляеў.

Таксама ён дадаў, што «абрыдлі разборкі ўнутры апазіцыі».

«Кожны зрэшты выбірае тое, што выбірае. Усё бачаць, што ён выбірае, як сябе паводзіць, што даводзіць народу», – выказаў меркаванне госць «Гарачага каментара».