Някляеў: «Перад Плошчай Лукашэнку падалі вынікі папярэдняга галасавання. Ён упершыню не набраў 50%»


Роўна восем гадоў таму дзясяткі тысяч беларусаў вышлі на самую масавую акцыю пратэсту за апошняе дзесяцігоддзе. 19 снежня 2010-га года ў цэнтры Менску беларусы пратэставалі супраць фальшывых выбараў, а па сутнасці – тэхнічнага пераабрання Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта краіны. Незабыўнасці Плошчы-2010 дадалі ўлады, якія ўчынілі крывавае пабоішча, разагнаўшы пратэстоўцаў ды кінуўшы за краты каля тысячы чалавек, сярод якіх і кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

Адзін з кандыдатаў, вядомы паэт і тагачасны лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, быў жорстка збіты яшчэ да пачатку збору Плошчы. Палітык страціў прытомнасць, для яго выклікалі хуткую, адкуль пазней яго выкралі сілавікі. Любоў Лунёва сустрэлася з Уладзімірам Някляевым, каб прыгадаць тыя падзеі:

«Лукашэнку падалі вынікі папярэдняга галасавання. Дык вось, адна з прычынаў, якая эмацыйна яго штурхнула да падзеяў вечара 19 снежня, я думаю, палягала ў гэтым. Бо там упершыню нават па гэтым стоадсоткавым папярэднім галасаванні ён не набіраў нават 50 адсоткаў…»

Таксама размаўляем з Аляксандрам Класкоўскім, палітычным аглядальнікам.

Ці маюць людзі права на пратэст, калі лічаць, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя? І ў якой форме можа праходзіць гэты пратэст? Пра гэта мы запыталі ў жыхароў Менску.

ФОТА: ITAR-TASS / Zmiter Lukashuk / FORUM

belsat.eu