Новыя штрафы і арышты для журналістаў ды актывістаў


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Ахвотных стаць кандыдатам на прэзідэнцтва дадаецца як грыбоў пасля дажджу, яшчэ хутчэй расце колькасць хворых на каронавірус. Але Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што сітуацыя – пад кантролем. А з нязгоднымі распраўляюцца сілавікі ды суды.

Каля ста затрыманых па ўсёй краіне, пакараных арыштамі і штрафамі. Адбыліся працэсы і над незалежнымі журналістамі. У Глыбоцкім судзе здарыўся гіпертанічны крыз у нашага калегі Змітра Лупача, ён застаецца ў рэанімацыі. Карэспандэнтка Алена Шабуня распавядзе падрабязнасці пра стан Змітра.

Таксама быў затрыманы наш аператар Алесь Баразенка.

Размаўляем аб працы журналістаў у Беларусі сёння. А таксама цікавімся, як жыве сям’я фельчара з Ліды Паўла Палейчыка, арыштаванага на 7 содняў. Распавядае жонка – Юлія Палейчык. Спраўджваем інфармацыю пра магчымы чарговы асяродак каронавіруса ў Смаргоні. Ды зазіраем у Берасце, дзе зніклі актывісты, а вядомыя блогеры застаюцца ў шпіталі, суд жа пераўтварыўся ў цытадэль, ачэпленую АМАПам. Чаго так спужаліся ўлады, апавядае грамадскі актывіст Зміцер Бекалюк.

А які павінен быць новы прэзідэнт? Пра твар мараў распавядаюць жыхары Пінску. Колькасць ахвотных быць кандыдатамі на прэзідэнцтва можа сягнуць дзясяткаў. Гэта таксама «кандыдаты пратэсту». Сярод іх лекарка з Гомля Алена Давыдава. Навошта ёй гэта патрэбна? Глядзіце ў праграме.

А таксама пішыце нам: BELSAT@GMAIL.COM

На сённяшні эфір запрашае Сяргей Падсасонны.