Новыя схемы карупцыі на мытні: відэакамеры і дэтэктары хлусні не дапамагаюць


Дзень мытніка Беларусь сустрэла рэкорднай колькасцю судоў над прадстаўнікамі гэтай прафесіі. Напрыклад, перад самым святам розныя тэрміны зняволення з канфіскацыяй атрымалі дзясяткі супрацоўнікаў Ашмянскай мытні.

Журналіст Віктар Федаровіч, які спецыялізуецца на асвятленні гучных крымінальных справаў, кажа, што суд над ашмянскімі мытнікамі паказаў, што карупцыя на мяжы выйшла на новы ўзровень.

«Парадокс у тым, што нават калі ў саміх мытнікаў пыталіся пра тое, за што яны бралі грошы, некаторыя не маглі канкрэтна адказаць. Атрымлівалася, што яны бралі грошы за добрасумленнае выкананне сваіх службовых абавязкаў: добра і хутка правяралі грузы з кветкамі. Некаторыя ўспрымалі гэта як прэміі».

То бок, хабар даюць дзеля таго, каб пры аформленых паводле закону дакументах раптам не ўзнікла на мяжы праблем.

Ці гэта не дзяржаўны рэкет, задалася пытаннем вядоўца «Размовы» Святлана Калінкіна.

«Ну – у межах адной мытні», – кажа эксперт.

Віктар Федаровіч адзначае, што прафілактычныя захады на той самай Ашмянскай мытні вынікаў не далі – ні забарона мець у кішэнях замежную валюту, ні відэакамеры, ні стыкеры «Стоп карупцыя!«, ні праверкі на дэтэктары хлусні.

Чаму барацьба з карупцыяй на мытні не дае плёну? Падрабязней пра гэта, сумы хабару і памеры канфіскаванага, пра тое, ці ўсе ашмянскія мытнікі пакараныя справядліва – у праграме «Размова дня» са Святланай Калінкінай.