Новы Працоўны кодэкс не адменіць «драконаўскія» дэкрэты Лукашэнкі


Падрыхтаваныя змены ў Працоўны кодэкс мала на што паўплываюць, бо па-за ім засталіся «драконаўскія прэзідэнцкія дэкрэты», кажа юрыст прафсаюзу РЭП Юрый Белякоў. А менавіта дэкрэты вызначаюць неспрыяльныя ўмовы працы беларусаў. Ці наважацца на крытыку дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія сабраліся 2 кастрычніка, у аўторак, на восеньскую сесію і разгледзяць сярод іншага гэты дакумент?

Шэраг экспертаў ужо ацанілі Працоўны кодэкс у новай рэдакцыі «як найгоршы ў свеце». Юрыст Юрый Белякоў з такой рэзкай ацэнкай зместу кодэксу нязгодны. Але адзначае, што папросту «гэтыя праўкі нічога не змяняюць». Бо яны «касметычныя». Хаця ўлады анансуюць перапісванне кодэксу на траціну.

Перадусім праўкі ў Працоўны кодэкс ніяк не закранаюць шэраг прэзідэнцкіх дэкрэтаў, якія рэгулююць рынак працы ў Беларусі.

Асабліва эксперт крытыкуе дэкрэт нумар 29, які спрыяе прымусовай працы.

«У людзей, калі не задавальняюць умовы працы ці заробак, праблема звольніцца. Не адпускаюць!». Працаўніка ж звольніць наймальніку – нескладана. Па-за новай рэдакцыяй Працоўнага кодэксу засталіся і адмысловыя «дармаедскія» камісіі, якія маюць быць створаныя паводле дэкрэту нумар 1, які выдадзены Аляксандрам Лукашэнкам наўзамен нашумелага дэкрэту нумар 3. Найвышэйшым у Беларусі застаецца «прэзідэнцкае працоўнае права», – кажа Юрый Белякоў.

Падрабязней пра новы Працоўны кодэкс, пра яго хібы і некаторыя палёгкі для беларусаў, якія працуюць – у перадачы «Размова» Святланы Калінкінай з Юрыем Беляковым.

Фота анонсу – Віктар Драчоў / ТАСС / Forum