Гарачы каментар Новы эксперымент уладаў: душыць бізнес не вельмі моцна


Афіцыйная статыстыка фіксуе штогадовае скарачэнне ў Беларусі прадпрымальнікаў, аднак Усясветны тыдзень прадпрымальніцтва напярэдадні ўвечары стартаваў менавіта ў Менску. Галоўныя мерапрыемствы форуму – сёння і заўтра, у тым ліку Выстава інавацыйных кампаніяў і Форум прадпрымальніцтва. Асобная праграма падрыхтаваная нават для дзяцей і падлеткаў. Сярод відаў, якія маюць улады на гэтае глабальнае мерапрыемства, што задзіночвае ажно 170 краінаў, – гэта падпісанне Міністэрствам эканомікі пагаднення з ПРАААН і Еўразвязам аб спрыянні развіццю 12-ці рэгіёнаў Беларусі на мясцовым узроўні. Чакаецца, што аб’ем фінансавання на кожны з рэгіёнаў складзе да паўмільёна еўраў.

Сяргей Балыкін, кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэднега бізнесу:

«У свой час вашывымі блохамі былі названыя дробныя гандлёўцы, якія гандлявалі на базарах, а на сёння ўлады хочуць паказаць, што яны развіваюць добрае, інавацыйнае прадпрымальніцтва. Гэта з аднаго боку. З другога боку Румас – чалавек крыху іншага пакалення. Ён нарадзіўся ўжо ў 70-я гады, вырас у часы перабудовы, і ў яго значна больш нейкіх рынкавых установак, больш рынкавы тып мыслення, чым у прэзідэнта. Румас крыху іншы чалавек, больш прагрэсіўных поглядаў. Пытанне наколькі Румас можа праводзіць самастойную палітыку ва ўмовах сучаснай Беларусі? Мы ведаем са слоў Аляксандра Лукашэнкі, што ў нашай краіне прэзідэнт прымае рашэнні, а справа ўраду – круціць педалі. Хіба што вырашылі зрабіць нейкі эксперымент, паглядзець, як будзе развівацца парк высокіх тэхналогіяў, іншыя інавацыйныя прадпрыемствы, а астатні бізнес пакуль проста не вельмі моцна душаць…»

Упершыню Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва АФІЦЫЙНА падтрымаў беларускі ўрад. Зрэшты, пра намеры ўзяцца за бізнэс – даць магчымасць развівацца прадпрымальніцтву – ва ўрадзе гавораць бадай ужо некалькі тыдняў. Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч распавёў, якія змены плануюць увесці:

«Найбольш перспектыўныя крокі – гэта ўдасканальванне сістэмы адміністрацыйных працэдураў. Таксама амаль ужо падрыхтавалі новы праект дэкрэту галавы дзяржавы, які будзе датычыць новых пытанняў і падыходаў у сферы ліцэнзавання. Апроч гэтага падрыхтаваная рэдакцыя падатковага Кодэксу і шмат іншых, напрыклад, законапраекты пра агульнае рэгуляванне гаспадарчых аб’яднанняў. Працуем над удасканальваннем сістэмы падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу».

Глядзі таксама
Каментары