Новы дыягназ Лукашэнкі. NEXTA на «Белсаце»


Лукашэнка – жывадзёр! «Да я на месцы настаўніка галаву адкруціў бы шчанюку нейкаму». Ой, не. Выявілася, гэта пра дзяцей. Кіраўнік краіны абурыўся паводзінамі вучняў 4-га класу адной з гомельскіх школаў, якія непаважліва ставіліся да настаўніцы, якая непаважліва паставілася да вучняў.

«Прыляцела» (праўда, не партаю) – усім, акрамя настаўніцы. Строгае папярэджанне:

– прэм’ер-міністру Сяргею Румасу,

– кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай,

– намесніку прэмʼер-міністра Ігару Петрышэнку,

– міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасці.

«Калі Румас, Качанава і іншыя віцэ-прэмʼеры і міністры мяне не чуюць, вы лепш збірайце партфелі і сыходзьце адразу» – патлумачыў Лукашэнка.

І зрабіў вымову намесніку старшыні Гомельскага аблвыканкаму Уладзіміру Прывалаву, кіраўніку адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Сяргею Казачку, намесніку старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віталю Атаманчуку. А ўсё таму, што…

«Абсікаліся, што, бачыце, у сацсетках гэта размясцілі. А абсікаўшыся, пакаралі гэтага беднага настаўніка».

Да таго ж звольнілі з пераводам на іншую працу начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Сяргея Парошына, начальніцу ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкаму Людмілу Крылістэнку, намесніцу кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёну Гомля Алену Копу, шэраг іншых дробных чыноўнікаў ды дырэктарку сярэдняй школы № 15 Гомля Марыну Чарненку.

Дзіўна, што нам з вамі за гэта яшчэ не «прыляцела». Пагадзіцеся: клініка, у чыстым выглядзе клініка. З гэтай нагоды мы паразмаўлялі з вядомым псіхіятрам, доктарам Айбаліцем.

=====

Высокія чыноўнікі з ЗША ў Менску – і Лукашэнка ізноў дэмакрат. Сёння мы з ЗША амаль сябры, але ж яшчэ нейкія пару гадоў таму яны былі вінаватыя ледзь не ва ўсіх грахах чалавецтва.

«Вы, вінаватыя, скажаце, што памыліліся, трэба б спыніцца. Але ж ізноў – не. Пайшлі далей – пачалі з Тунісу і скончылі Лівіяй. Сцэнар – той жа. Распялі Кадафі, зніштожыўшы дзяржаву» – казаў Лукашэнка ў 2015.

А потым праваслаўны атэіст дадаў:

«Але ж Гасподзь бачыць усё, і ён справядлівы. А калі раззлуецца і пакарае вінаватых? Вас, вашыя народы».

Але пакуль не карае, з вінаватых трэба па максімуме выцягваць грошы. Усё роўна яны ім больш не спатрэбяцца. Ды і ЗША не асабліва вінаватыя ўжо ў бедах чалавецтва.

«Мы цудоўна разумеем, што не бывае так у жыцці, што адзін хтосьці вінаваты, а ўсе астатнія – мяккія, белыя і пухнатыя. Напэўна, тут мы ўсе вінаватыя ў тым, што складаецца такая сітуацыя ў свеце» – сказаў Лукашэнка.

І гэта хіба што адзіны ў гісторыі выпадак, калі ён прызнаў сваю віну.

Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum і kinopoisk.ru