На замову Упраўлення камунальнага будаўніцтва Менскага раёну жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў «БТІ – 2007» пабудаваў у Калодзішчах дамы. У эксплуатацыю іх здалі два гады таму, але частка чальцоў кааператыву дагэтуль не можа атрымаць папераў пра рэгістрацыю права ўласнасці ды ключоў ад кватэраў.
Рэч у тым, што праект дамоў змянілі: напрыклад, замест 12-метровых паляў фундаменту выкарысталі 24-метровыя. Праз гэта кошт жытла павысіўся амаль на чвэрць. Але сябрам кааператыву пра гэта паведамілі толькі пры канцы будаўніцтва. Пакуль судовыя разборы і экспертызы не далі плёну. Але людзі не трацяць надзеі ды збіраюцца на прыём да старшыні Вярхоўнага суда.
Глядзіце сюжэт праграмы «Маю права» ад 12:55 (відэа вышэй).
Знос прыватнае забудовы – не першы год адна з самых балючых тэмаў для жыхароў сталіцы.
Таццяна Пенкрат жыве ў пасёлку Паўночны, што месціцца на ўскрайку Менску. Летась у кастрычніку яе агаломшыла навіна: адміністрацыя Заводскага раёну пастанавіла знесці ейны дом. І гэта пры тым, што ў 2013 годзе жанчына атрымала ў Менгарвыканкаме дазвол на маштабнае дабудоўванне жытла. Вядома, што за тры гады на гэтую справу пайшло нямала сілаў і грошай. У гэткай сітуацыі цяпер не толькі спадарыня Таццяна, але і яшчэ некалькі дзясяткаў жыхароў Паўночнага.
У лютым Галіна Лагацкая сярод тысяч беларусаў брала ўдзел у акцыі супраць дэкрэту «Аб сацыяльным утрыманстве».
У першы дзень вясны спадарыню Галіну выклікалі ў міліцыю, каб тая патлумачыла свой удзел у Маршы абураных беларусаў. Маючы негатыўны вопыт зносінаў з праваахоўнікамі, нашая гераіня мелася запісваць размову на дыктафон. Скончылася гэта тым, што праваахоўнікі змясцілі жанчыну ў камеру часовага ўтрымання, адкуль яе вызвалілі працаўнікі хуткай дапамогі, прыехаўшы паводле ейнага выкліку.
Беларуская міліцыя з вялікаю помпай адсвяткавала сваё стагоддзе.
Урачыстасці адбываліся ў цэнтры сталіцы. Мы пацікавіліся ў мінакоў: якія асацыяцыі выклікае ў іх слова «міліцыя»?
Вёска Маглышы месціцца ўсяго за кіламетр ад Слуцку. Але яе жыхары засталіся адрэзанымі ад свету.
Адзіная дарога, што злучае населены пункт з асфальтаваю трасаю, – шэсцьсот метраў жвіроўкі – разгразла настолькі, што па ёй не можа праехаць аўта. Праблемы з праездам паўстаюць кожнаю вясною і восенню. Але сёлета стан дарогі значна пагоршыўся: яе ўшчэнт разбілі цяжкавікі з цукровага заводу, што месціцца побач. Цяпер жвіроўкаю не могуць праехаць ні мясцовыя жыхары, ні аўталаўка, ні экстраныя службы.