Ніна Стужынская гатовая яшчэ раз паехаць на расейскае ТБ, якое шукае беларускіх «бандэраў»


Акцыя знявагі ды пагарды да беларусаў, Беларусі ды ўсяго нацыянальнага. Расейскія прапагандысты ўзяліся за «сінявокую».

Фармальная нагода – з’яўленне дапаможніка па гісторыі старшыні Таварыства беларускае мовы Алега Трусава.

Што так закранула за жывое расейцаў? Аказваецца, фраза пра тое, што беларусы як нацыя зʼявіліся на 200 гадоў раней за расейцаў. А потым да гэтага прымяшалі акцыі апазіцыі, падзеі ва Украіне, дрэнны Захад і тое, як Расея корміць беларусаў. Сам гісторык Алег Трусаў адмовіўся ўдзельнічаць у праграме, як і шэраг іншых экспертаў. Але зʼявіліся ў студыі працаўніца «Першага каналу», нарадзінка Беларусі Кацярына Кібальчыч ды беларуская гісторык і палітолаг Ніна Стужынская.

«Яны ліхаманкава шукаюць беларускіх «бандэраў», – мяркуе гісторык Ніна Стужынкая. – Сябры, калегі, трэба выходзіць з зоны камфорту і выходзьце на такія пляцоўкі. Трэба паглядзець у вочы гэтым людзям і казаць сваю праўду. Мы разлічваем не толькі на гэтых дзікуноў, якія ў студыі шчыравалі, але на тых, хто будзе глядзець шырэй і далей», – сказала Стужынская ў эфіры праграмы «Гарачы каментар».

Нагадаем, што ў эфіры расейскага Першага канала з’явілася ток-шоу «Час пакажа» пад назвай «Суседзі». Першую частку праграмы прысвяцілі Украіне, другую – Беларусі. У праграме абмяркоўвалася кніга Алега Трусава «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V-XV ст.ст.». Вядоўца ток-шоу Арцём Шэйнін назваў аўтара падручніка «фрыкам», які хоча сапсаваць братэрскія адносіны паміж Расеяй і Беларуссю.

ЮВ, belsat.eu