У праграме бярэ ўдзел ліс, які на законных падставах жыве разам з гаспадаром Сяргеем Шчарбаком у менскай кватэры.
«Ён сябе нармальна адчувае. У яго свой пакой, у якім пастаянна адкрытая фортка. Але заводзіць лісоў іншым людзям не раю. На выхаванне жывёліны патрэбна шмат часу і сілаў», – папярэджвае гаспадар незвычайнага гадаванца.
Не сакрэт, што шмат хто, заводзячы экзатычных звяроў, актыўна піярыць іх у сацсетках. Госць студыі Андрэй Гурын не хавае таго, што завёў у кватэры гусака ў тым ліку для таго, каб раскруціць YouTube-канал. Харвістар (так завуць птушку) выявіўся настолькі разумнай істотай, што выконвае каманды і бурліва рэагуе ці не на кожную згадку пра сябе падчас праграмы.
Таксама ў выданні вы можаце паслухаць аповеды ад гаспадароў варана, сурыката, тоўстага лоры і тхароў.
Сваёй гісторыяй дзеліцца Сяргей Селях, які трымае на падворку некалькіх ваўкоў.
Эксперты ў студыі не выказваюць захаплення ад кожнага абмеркаванага выпадку.
«У першую чаргу дзікая жывёліна павінна заставацца ў лесе, а дома няхай жыве свойская», – мяркуе Ірына Траяноўская, кіраўніца цэнтру дапамогі і рэабілітацыі дзікай жывёлы «Сірын».
Шмат якія экзатычныя звяры выклікаюць замілаванне ў старонняга назіральніка, але рэальная карціна можа быць іншай. Як не паддацца эмоцыям і не пераўтварыць жыццё жывёліны ў пакуту? Пра гэта прэм’ернае выданне ток-шоу «Кожны з нас».
Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.