Неверагодна-навагодні фільм «ЧынЧыны ў краіне цудаў»


Чыноўнікі перажылі шок ад новай Беларусі, дзе перамагла народная рэвалюцыя. «Белсат» прэзентуе неверагодны навагодні фільм «ЧынЧыны ў краіне цудаў», у якім паказаны кантраст паміж новай і старой Беларуссю.

Два эксцэнтрычныя беларускія чыноўнікі мусяць 31-га снежня зладзіць урачыстае адкрыццё атамнай электрастанцыі. Аднак здараецца аварыя, якая адкрые партал у іншую рэчаіснасць. Чыноўнікі трапляюць у свет, які вельмі нагадвае Беларусь. Але праз некаторы час героі разумеюць, што гэта не тая краіна, да якой яны прызвычаіліся. Аказваецца, што яны трапілі ў новую Беларусь, жыхары якой перамаглі ў барацьбе з дыктатурай.

Кадр з фільму «ЧынЧыны ў краіне цудаў»

У новай Беларусі жывуць адкрытыя, упэўненыя ў сабе, поўныя годнасці і самапавагі людзі. Збянтэжаныя і збітыя з панталыку чыноўнікі не могуць прыйсці ў сябе ды спрабуюць увесці старыя парадкі. Але ці ў іх атрымаецца?

Аварыя на атамнай электрастанцыі адкрывае таксама іншы партал – у Беларусь, дзе ўсталяваўся жорсткі таталітарызм. Акурат туды трапляе ахоўнік чыноўнікаў. Тут пануе шэрасць і адчай, ціхары хапаюць на пустых вуліцах іншых ціхароў, а часам тут можна спаткаць нават зомбі, якія раней былі дзяржаўнымі журналістамі. Але ці дух змагання і надзея на лепшае тут цалкам пераможаныя?

Кадр з фільму «ЧынЧыны ў краіне цудаў»

Фільм «ЧынЧыны ў краіне цудаў» зняў для «Белсату» рэжысёр Андрэй Кашперскі. У галоўных ролях зняліся былыя акторы Тэатру імя Янкі Купалы Зміцер Есяневіч, Міхась Зуй і Зміцер Тумас. У здымках узялі ўдзел іншыя свабодныя купалаўцы, звольненыя за сваю грамадзянскую пазіцыю, а таксама беларускія зоркі і грамадскія дзеячы.

«ЧынЧыны ў краіне цудаў» – гэта развага пра цяперашні стан Беларусі і два магчымыя варыянты нашай будучыні: або вольнасць, або Беларусь, абнесеная калючым дротам. Стужка, знятая ў адмысловым вінтажным стылі, поўная гратэску і аднясенняў да беларускай рэчаіснасці. Яна часам шакуе, правакуе, а часам дорыць пазітыўныя эмоцыі, але адназначна нас узбагачае.