«Некаторыя крыніцы кажуць пра больш чым 10 смерцяў на будоўлі АЭС»


Будаўніцтва АЭС у Астраўцы ў эфіры нашага каналу пракаментаваў актывіст антыядравага руху Мікалай Уласевіч.

Стрэс-тэсты для Астравецкай атамнай станцыі маюць здзейсніць прадстаўнікі Еўракамісіі. Працоўны візіт дэлегацыі еўрапейцаў, запланаваны на 19-20 верасня, анансавалі сёння ў прэс-службе Міністэрства замежных справаў. Пра будаўніцтва АЭС размаўляе з актывістам антыядравага руху Мікалаем Уласевічам.

«Ціск на беларускі бок у сувязі з апошнімі падзеямі і ў сувязі з больш рашучым стаўленнем да будоўлі АЭС літоўскага боку павялічваецца. Напэўна, беларускі бок пойдзе на нейкія саступкі, але я не ўпэўнены, што яны прывядуць да патрэбных вынікаў. Патрэбны вынік гэта, каб будоўля была спыненая», – заявіў у «Гарачым каментары» Мікалай Уласевіч.

Суразмоўца «Белсату» распавёў, адкуль ён атрымлівае інфармацыі пра інцыдэнты на будаўніцтве атамнай станцыі, якую пазней пацвярджаюць улады.

«Я карыстаюся неафіцыйнай інфармацыяй ад людзей, якія працуюць на АЭС, якія маюць стасункі з будаўнікамі на пляцоўцы. Таму мая інфармацыя, безумоўна, зʼяўляецца неафіцыйнай. Разам з тым яна пацвярджаецца.

Сёння я канстатую адзін факт: будоўля небяспечная. Раней я не звяртаў увагі, што там былі ахвяры, але адбыўся выпадак, калі ўпаў рэактар, а пасля ахвярай стаў расейскі будаўнік. А сёння ёсць нейкая праблема, што ўлады кажуць, што нібыта будаўніцтва налічвае менш ахвяраў, чым я сказаў (каля 10). Гэта не так.

Я агучваю толькі тую самую малую лічбу, якая да мяне дайшла. Некаторыя крыніцы кажуць, што ахвяраў на парадак больш», – адзначыў Мікалай Уласевіч.