NEXTA ідзе ў прэзідэнты

Сенсацыя! На прэзідэнцкую пасаду прэтэндуе рэкордная колькасць асобаў. Але ёсць сярод іх адзін, якога б нават вы падтрымалі. Пра тое, хто зрыне Лукашэнку, распавядзе Вольга Старасціна.

Вы будзеце смяяцца, але гэта не жарт. Сапраўды, Цэнтрвыбаркам абвесціў збор сродкаў на правядзенне выбараў! Гэтак папрацаваў Аляксандр Лукашэнка 26 гадоў на прэзідэнцкай пасадзе, што цяпер пабіраецца – на свае ж перавыбары грошай просіць.

«Хопіць! Трэба мяняць прэзідэнта!»
«Не хачу, каб быў Лукашэнка!»
«Ён ужо дастаў! Няма спасу ад яго ніякага, трэба нешта мяняць!»

«Мяне ён не задавольвае як прэзідэнт Беларусі».
«А што ён добрага зрабіў? Нічога добрага не зрабіў!»
«Усё пазабіраў, чаму я буду яго падтрымліваць? Адна балбатня».
«Дысцыпліну трымае. Правільна? І з каронам вірусам змагаецца. Правільна?»

«А ён мне падабаецца».
«Нармальны прэзідэнт па краіне. Ну, вы зразумелі».
«Ні ў якім выпадку! І вам не раю!»
«Я за яго ніколі не галасую, а ён усё правіць», – кажуць жыхары Віцебску.

Ды так правіць, што ледзь не кожны беларус перакананы, што можа кіраваць краінаю ў сто разоў лепей за Лукашэнку. Невыпадкова сёлета на запаветнае месца прэтэндуе нябачаная дагэтуль колькасць канкурэнтаў Аляксандра Рыгоравіча: тут і банкіры, і дыпламаты, чыноўнікі і фермеры, дэпутаты і беспрацоўныя, санітаркі, швачкі, рамеснікі, пенсіянеры, блогеры, «вашывыя блохі» і «адмарозкі».

«Улада не дазваляе добрым людзям падымацца да такога ўзроўню, каб за іх хтосьці прагаласаваў».
«Я думаю, ката ў мяшку набываць не варта!», – кажуць віцябляне.

Ёсць у нас і не кот у мяшку, а годны прэтэндэнт на прэзідэнцтва: сумленны, разумны і адукаваны, харызматычны і сексоўны, многімі любімы, малады і перспектыўны – Nехта:

«Шаноўныя сябры! Вы, мае падпісанты, знаёмыя і калегі, простыя беларусы і нават нядобразычліўцы ўжо працяглы час прасілі мяне зрабіць гэта. Сапраўды, краіне патрэбныя новыя твары. Эканоміка, бізнес, сельская гаспадарка, спорт, культура, навука, медыцына, замежная палітыка, турызм – гэта далёка не поўны спіс галінаў, куды прэзідэнт не павінен сунуць свайго носа. І я абяцаю вам гэта рабіць. То бок не рабіць. Таму я, Сцяпан Святлоў, беларускі журналіст і блогер, прыняў гэтае няпростае для сябе рашэнне ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Я афіцыйна заяўляю, што вылучаю сваю кандыдатуру на выбары 2035 года. Апошнія падзеі паказваюць, што станавіцца ў чаргу лепш загадзя. Таму, Коля, чакай мяне!»

Непрыкметная на першы погляд, але менавіта лаўка стала прычынаю і буйных штрафаў і нават дзесяцідзённага арышту. Амаль 2900 рублёў каштавалі жыхару Маладзечна пасядзелкі на лавачцы з сябрамі. Мужчына тройчы парушыў рэжым самаізаляцыі, за што і быў аштрафаваны.

Але гэта калі чалавек стварае небяспеку для здароўя іншых людзей. Калі ж вы нікому шкоды не робіце, проста ляжыце на лаўцы, то за гэта – дзесяць содняў арышту. Гэтак пакаралі менчука Пятра Маркелава. На думку праваахоўнікаў, ён «з хуліганскіх намераў ляжаў на лаўцы».

Цяпер у Беларусі лепш на лавах не сядзець, не дай божа, ляжаць, і, вядома, па-ранейшаму нельга рабіць так:

– маўкліва хлопаць у ладкі,
– карміць галубоў,
– стаяць з чыстым аркушам…

Адным словам, не ляжыце і не маўчыце, бо за гэта – штрафы ды арышты. Кажыце, крычыце, рабіце!

Вольга Старасціна, «Суб’ектыў»

Больш матэрыялаў

Выбарчыя сенсацыі

Лукашэнка пабудуе лядовы палац у Егіпце

Трэцяе вока Лукашэнкі. Сцяпан Святлоў у «Суб’ектыве»

Лукашэнка рыхтуецца ўцякаць. NEXTA на «Белсаце»

Лукашэнка пабудуе стабільнасць у космасе. NEXTA на «Белсаце»

Лукашэнка рыхтуе рэвалюцыю. NEXTA на «Белсаце»

Коля Лукашэнка нахімічыў. NEXTA на «Белсаце»

Украінцы абурыліся Лукашэнкам. NEXTA на «Белсаце»