Не залежныя ад уладаў мас-медыі: «Радыё 101,2»


Другая палова 1990-х гадоў вызначылася рэзкім супрацьстаяннем уладаў і незалежнай прэсы. Газеты зачыняліся, журналістаў пераследвалі, штрафавалі, затрымлівалі. У гэты ж час рабіліся высілкі і па стварэнні электронных СМІ, альтэрнатыўных дзяржаўным.

Побач з амерыканскай радыёстанцыяй «Свабода» пачалі працаваць і беларускія. Найбольш яркім было «Радыё 101, 2» – самае свабоднае і самае эксперыментальнае ў гісторыі айчыннага радыёвяшчання. Яго стварылі Жана Літвіна і журналісты зачыненай раней уладамі дзяржаўнай радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». У наўпроставым эфіры мелі магчымасць выказваць свае меркаванні прадстаўнікі і апазіцыі, і ўлады, і людзі навукі, мастацтва, і проста шараговыя слухачы. Незалежнасць краіны і дэмакратычныя свабоды былі прыярытэтнымі каштоўнасцямі для калектыву. Ён першым у краіне прадэманстраваў, што такое абмен інфармацыяй з замежнымі калегамі. На радыё 101,2 гучалі перадачы Бі-Бі-Сі, Польскага радыё, Дойчэ Вэле.

Радыё працавала ў інфармацыйна-музычным фармаце. Праіснавала ўсяго толькі год і сорак дзён. 31 жніўня вядоўцы Вольга Бабак і Ірына Курапаткіна ў наўпроставым эфіры паведамілі, што праз некалькі хвілінаў яны спыняць вяшчанне, і папрасілі кіроўцаў аўтамабіляў пасігналіць на развітанне. Менск напоўніўся сігналамі клаксонаў.

Пасля закрыцця напаўпадпольна рабіліся тэле- і радыёпраграмы журналістамі, якія аб’ядналіся ў Студыю БМ, зноў жа пад кіраўніцтвам Жаны Літвіной. Паралельна пры падтрымцы Фонду Сораса была створаная тэлестудыя «Бант», якая падпольна выпусціла 10 інфармацыйных праграмаў «Вежа», якія распаўсюджваліся па кабельных тэлесетках. Кіраваў праграмамі Вячаслаў Ракіцкі, вядоўцам быў Віктар Дзятліковіч, тэлесюжэты рабілі Вольга Караткевіч, Юрась Бушлякоў, Вольга Бабак.

Сведкі – журналісты Жана Літвіна, Генадзь Кеснер.