Не важна, чым скончацца выбары. Самае цікавае пачнецца пасля іх

У студыі ток-шоу «Кожны з нас» эксперты патлумачылі, чаму жыццё кожнага з нас можа крута змяніцца ўжо ў хуткім часе.

Чакалася, што прэзідэнцкія выбары–2020 пройдуць для дзейных уладаў у атмасферы поўнага штылю. Але сёння відавочна, што гэта не так.

«Ужо даўно я не ўспрымаю выбары як выбары. Нічога ад іх не чакаю і ніколі не ўзважваю шанцы кандыдатаў. Але тое, што здарыцца пасля выбараў, – гэта цікава, – аналізуе палітолаг і сацыёлаг Сяргей Нікалюк. – Ідуць працэсы. У нулявыя гады сярэднія тэмпы росту ў нас былі 7,4 % за год. Зараз у нас тэмпы росту 1,1 %. Сістэма вычарпала свой рэсурс. Таму працэсы ідуць, і змены, безумоўна, будуць».

Кіраўнік Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі называе тры фактары непрадказальнасці, якія сёння ўплываюць на палітычную сітуацыю:

  • наступствы эпідэміі каронавіруса
  • глабальная рэцэсія
  • пазіцыя Крамля

«Даўно не білі і не саджалі па-сапраўднаму». На выбарах-2020 – рэкордная колькасць прэтэндэнтаў

«Дзень выбараў, як і вынікі, – не маюць значэння. Самыя цікавыя працэсы пачнуцца потым. Асабліва калі Аляксандр Лукашэнка і сістэма не здолеюць супрацьстаяць негатыўным наступствам, – аналізуе Сівіцкі. – І тут самае цікавае, вакол якіх фігур пачнуць узнікаць цэнтры новай нефармальнай улады і як у гэта будзе гуляць Крэмль».

Хто такі Віктар Бабарыка?

Цягам праграмы абмяркоўваюцца некаторыя яркія гульцы, якія ўключыліся ў выбарчую барацьбу.

«Мы ўжо бачым спробы навесіць пэўныя ярлыкі: прарасейскі кандыдат ці спойлер. Мне падаецца, пакуль рана казаць, кім спадар Бабарыка з’яўляецца на самай справе, – лічыць Арсень Сівіцкі. – Сітуацыя пасля выбараў вызначыць, хто кім з’яўляецца і якія амбіцыі мае ў палітыцы».

https://belsat.eu/programs/viktar-babaryka-pra-shokavuyu-terapiyu-pagonyu-i-vshyvyh-blohau/

«Думаю, за Бабарыкам можа стаяць Расея. Цапкала – гэта, хутчэй за ўсё, праект улады, – лічыць палітык Павел Севярынец. – У рэальнасці многае можна зразумець з адказу на пытанне: калі вы гатовыя прафінансаваць масавыя мірныя пратэсты, падрыхтоўку нацыянальнай забастоўкі, значыцца, усё нармальна. Значыцца – вы за Беларусь».

Старшыня АГП Мікалай Казлоў адзначае, што выпадковага чалавека не паставяць кіраваць вялікім банкам.

«Усё ж гэты банк звязаны з «Газпромам» (Бабарыка ўзначальваў «Белгазпрамбанк» амаль 20 гадоў. – Рэд.). Мы ўсе ведаем, што расейскія банкі – гэта ціхая гавань для чэкістаў, – разважае старшыня партыі АГП Мікалай Казлоў. – Уся гэтая служба бяспекі… У Расеі гэта ФСБ. Тое ж самае і з «Газпромам». Ёсць такая ўзаемасувязь. І калі яго (Віктара Бабарыку. – Рэд.) прызначалі, то чалавек не выклікаў нейкіх супярэчнасцяў. Ён няўцямна выказваецца пра незалежнасць. Але нешта пачуць пра чалавека і адразу ставіць на лоб таўро – гэта непрафесійна. Я прапаную паглядзець. Хутка стане зразумела, хто за ім стаіць, чаго ён дабіваецца, якіх узаемаадносінаў ён хоча з Расеяй».

https://belsat.eu/in-focus/palitolag-syargej-nikalyuk-podpisy-u-pershuyu-chargu-zbyare-toj-kamu-dazvolits-ulada/

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч робіць гістарычны экскурс, цягам якога падказвае іншыя ракурсы фігуры Віктара Бабарыкі.

«Давайце без міфаў. «Белгазпрамбанк» – гэта не расейскі банк. Гэта беларускі банк «Алімп», створаны на пачатку 90-х. Потым, каб пазбавіцца гіперкантролю з боку беларускіх уладаў, яны «ляглі» пад «Газпром», – прыгадвае Уладзімір Мацкевіч. – Што тычыцца самога Бабарыкі, ён вельмі падабаўся мне як грамадскі дзеяч. «Art Corporation», выставы, набыццё мастацкіх рарытэтаў для Беларусі, вяртанне спадчыны… Ён шмат добрага зрабіў для Беларусі. Насцярожваюць яго апошнія выказванні, а так – ён наш, тутэйшы, беларускі чалавек з добрымі дасягненнямі».

Палітолаг Сяргей Нікалюк нагадвае, што прыўладная «Беларусь сегодня» ўжо распачала негатыўную кампанію, скіраваную на Віктара Бабарыку.

Дык што будзе пасля выбараў?

«Мне падаецца, што сітуацыя будзе развівацца па негатыўным сцэнары. Ужо восенню і ўзімку створацца падставы для скасавання сацыяльнага кантракту паміж уладай і грамадствам, – лічыць Арсень Сівіцкі. – Вось у гэты момант, калі пачнецца дэлегітымізацыя ўлады, будуць адбывацца самыя цікавыя працэсы. Хутчэй за ўсё, Расея выкарыстае гэта, каб умяшацца ва ўнутраныя працэсы».

Уладзімір Мацкевіч яшчэ раз нагадвае пра сваю стратэгію татальнага байкоту выбараў:

«Гэта супадае з грамадскім меркаваннем. Ніхто не верыць у гэтыя выбары, ніхто не хоча. Таму байкот, палітычны крызіс і выхад з гэтага крызісу праз круглы стол, праз перамовы і пераўсталяванне дзяржавы. Мая прапанова вядомая, яна непапулярная. А прагнозы? Я ніколі іх не раблю. Але чамусьці тое, што я кажу, так яно і адбываецца. Толькі таму, што я аналізую гэта вельмі дакладна, амаль матэматычна».

Выбары-2020: хто здольны супрацьстаяць Лукашэнку?

Сяргей Нікалюк прадракае, што выбары пройдуць па запланаваным уладай сцэнары і непасрэдна пасля іх нічога надзвычайнага не адбудзецца.

«Але напружанне будзе нарастаць. Урэшце гэта можа скончыцца поўным распадам дзяржавы. Тут маса знешніх фактараў. У цяперашні момант галоўны фактар – гэта каронавірус. Ніхто не ведае, да якой амплітуды ён дойдзе. Але перспектывы ў цэлым для краіны невясёлыя».

У Севярынца іншы погляд на магчымыя падзеі пасля выбараў.

«Пасля гэтага спектаклю і афармлення 7-га тэрміну Лукашэнкі пачнуцца пратэсты і забастоўкі, – не пагаджаецца Павел Севярынец. – І я веру, што ні Крэмль, ні Лукашэнка, а беларускі народ выйдзе пераможцам з той барацьбы, якая пачнецца…»

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Калаж з фота: belsat.eu, belgazprombank.by і Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Больш матэрыялаў

Кансэнсус Захаду і Крамля – наступны этап пераўтварэнняў у Беларусі?

Самыя абсурдныя рэпрэсіі: суд у кватэры, школьнікі ды 3-гадовае дзіця ў РУУС

Гістарычны год у храналогіі. Героі і вынікі 2020

Голас пратэставых двароў: чаго не хапае беларускай рэвалюцыі, і які будзе яе новы этап?

Калі самалёт для Лукашэнкі гатовы, то ён абавязкова вылеціць

Экс-памочнік Лукашэнкі пра тое, калі ўсё скончыцца і чаго не стае для перамогі

Татальныя звальненні нязгодных з рэжымам. Да чаго гэта прывядзе?

Пнеўманія не праяўляецца да апошняга. Другая хваля COVID-19 ужо накрыла Беларусь