«Не лячылі, каб разабраць на органы» – ці магчыма такое ў Беларусі?


«Прэзумпцыя згоды на забіранне органаў» – вось што дэкларуе для кожнага грамадзяніна Закон Рэспублікі Беларусь «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека».

Гэта азначае, што, калі пры жыцці вы не напісалі заяву супраць таго, каб пасля смерці вашыя органы забралі для перасадкі іншаму чалавеку, то лекары маюць права гэта зрабіць і без згоды вашых сваякоў.

Па першае, транспланталогія – гэта дапамога

Штогод у Беларусі каля 500 чалавек атрымліваюць новыя органы: ныркі, сэрца, лёгкія ды іншыя тканкі чалавека. Валер Дабрынец з Берасця пяць гадоў жыве з перасаджанай ныркай. Ён сцвярджае: «Канечне, трансплантацыя – гэта добра. Бо яна пазбаўляе неабходнасці праз дзень хадзіць на апарат штучнай ныркі, і ты жывеш звычайным жыццём».

«Я прыходжу ў царкву і стаўлю свечку за чалавека, які падараваў мне новае жыццё» – кажа берасцеец Валеры Чарткоў. Пяць гадоў ён пражыў з трансплантаванай ныркай, але ў выніку арганізм яе адштурхнуў. Зараз Валер паўторна чакае перасадкі і праз дзень ходзіць у шпіталь на працэдуру гемадыялізу – ачышчэння крыві, якая адбываецца цягам чатырох гадзін.

Валеры Чарткоў праходзіць працэдуру гемадыялізу. Фота belsat.eu

Паводле дзейснага заканадаўства, донарства ў Беларусі дабрачыннае – сваякам памерлага не кампенсуюць забіранне органаў. Адначасна, траціна аперацый праводзіцца за грошы – замежнікам. Гэткім чынам для дзяржавы трансплантацыя – прыбытковы бізнес на «чалавечым матэрыяле».

Ці ёсць нагода баяцца быць «разабраным»?

Яшчэ адзін герой праграмы, старшыня сацыяльна-асветніцкай установы «Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя» Расціслаў Лаўрынюк кажа, што з прычыны табуяванасці гэтай тэмы ў грамадстве жывуць безліч фобіяў, міфаў і страхаў, звязаных з перасадкай органаў.

«У нас ніхто ня можа заплаціць: ні багатыя, ні бедныя. У нас не чарга, ліст чакання. Гэта азначае, што донарскія органы павінныя падыйсці хвораму чалавеку па шмат якіх параметрах, толькі тады праводзіцца аперацыя. Калі кажуць, што вось узялі на вуліцы кагосьці разабралі, камусьці штосьці перасадзілі – гэта немагчыма».

Аднак менавіта тое, што траўмаванага ў аварыі сына разабралі на органы, заяўляе госця студыі Ларыса Паланевіч. Другая нашая суразмоўца – Таццяна Тхорава, псіхолаг Міжнароднага цэнтру «Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя».

Дык якой з’явай ёсць трансплантацыя органаў: добрай ці кепскай? Адказы на гэтае і іншыя пытанні шукаем разам з гасцямі студыі і вядоўцам Алесем Залеўскім.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы» пра трансплантацыю глядзіце тут:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A», а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам ў Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram ды Telegram.