Назіральнік: Гэткага нахабнага прыпісвання ў Менску не чакалі


Упершыню ў Беларусі з’явілася ноу-хау – «ярмошынскія каруселі». Таксама прыпіскі, дапіскі, як вынік у абласныя, гарадскія, раённыя саветы не прайшоў ніводны апазіцыйны кандыдат.

Былі і цікавінкі: там, дзе вялося татальнае назіранне ў дзень выбараў, а не на датэрміновым галасаванні, апазіцыйныя кандыдаты перамагалі.

Назіральнік кампаніі «Права выбару-2018» Дзяніс Садоўскі распавёў пра асноўныя парушэнні на сёлетніх выбарах у мясцовыя саветы.

«З цікавінак на маім участку, дзе я назіраў, – Менск, акруга № 16, участак № 12, быў рэкорд. Там на датэрміновым галасаванні прагаласавала 1160 чалавек. Мы палічылі нават па мінутах, колькі працягваецца датэрміновае галасаванне. Атрымалася, што кожны чалавек галасаваў кожную хвіліну і 49 секундаў. Такі натоўп, паводле камісіі, быў. Такога нахабнага прыпісвання ў Менску не чакалі».

Дзяніс Садоўскі адзначыў, што паводле дадзеных назіральнікаў, яўка па Менску склала каля 30 %.

«Фактычна адбыўся байкот, хоць парога яўкі на гэтых выбарах не было. Але зразумела, што людзі не вераць у гэтыя выбары, у гэтых дэпутатаў».

Менчукі дзівяцца, што ЦВК абʼявіў пра 77 % яўку.

«Я каго не пытаўся, ніхто туды не хадзіў», – кажа мінак, апытаны нашымі журналістамі.

Больш глядзіце ў відэа.