Нажом разрэзалі рэмень, джынсы, бялізну і пагражалі згвалтаваннем


Пасля выбараў адмысловец у IT Юрый перажыў катаванні спачатку ў аўтазаку, потым у РАУС і на Акрэсціна. Беларус, які вымушаны быў пакінуць краіну, дзеліцца сведчаннямі пра катаванні ў праграме «Беларускі свет».

Пры канцы жніўня праграміст Юрый пераехаў жыць і працаваць у Львоў:

«У мяне не было мэты з’ехаць з Беларусі, я меў на мэце ўладкавацца на працу ў іншай дзяржаве, каб не плаціць падаткаў. Я вырашыў, што не хачу плаціць падаткаў той уладзе, якая здзекуецца са свайго народу».

Мужчына думаў, што пасля рэлакацыі здолее вярнуцца ў Беларусь і працаваць аддалена, з дому, але, калі ўжо збіраўся вяртацца, даведаўся ад суседзяў, што ў ягоную кватэру грукаліся міліцыянты. У Львове Юрый бярэ ўдзел у акцыі падтрымання беларусаў, якія выступаюць супраць фальсіфікацыяў на выбарах і гвалту з боку сілавікоў. Апошні хлопец адчуў і на сабе, калі 11 жніўня вяртаўся з працы дадому і быў затрыманы.

«Патрабавалі легчы на спіну, знялі красоўку з левай нагі і пачалі біць дручком па гэтай назе. Плявалі на мяне, напрыклад, у мяне былі даўжэйшыя валасы, частку валасоў адрэзалі нажом. Зразалі валасы і засоўвалі пад бялізну. Патрабавалі, каб лёг на жывот, адзін з іх сеў мне на спіну, а два другія трымалі за ногі. А яшчэ хтосьці, я не ведаю хто, можа, які сядзеў на спіне, нажом разрэзаў рэмень, джынсы, ніжнюю бялізну і сказаў «зараз мы цябе я*аць будзем», – згадвае знявагі Юрый.

Пасля вызвалення Юрый напісаў заяву, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто з яго здзекаваўся. Крымінальнай справы за катаванні дасюль не распачалі.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Дабрачынны фонд «Родны кут» забяспечвае беларусаў, якія былі вымушаныя ўцячы з Беларусі, самым неабходным – жытлом у кіеўскім гостэле і ежаю.
  • Этнаспявачка Ірэна Катвіцкая, якая цяпер жыве ў Ізраілі, рыхтуе для падтрымання беларусак незвычайны кліп, у якім будуць спалучаныя старажытныя беларускія абрады і месцы сілы на Святой Зямлі.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu