Навучыцца жыць на волі пасля псіханеўралагічнага дыспансера


Як людзі асвойваюцца на свабодзе пасля псіханеўралагічнага інтэрнату

Да нядаўніх часоў псіхіятрычны дыягназ у Беларусі быў як пажыццёвае зняволенне, трапіць у шпіталь можна было нават выпадкова. Але цяпер зʼявілася магчымасць перагледзець дыягназ і даказаць сваю дзеяздольнасць. Сяргей ужо прайшоў шлях рэабілітацыі, атрымаў свабоду і цяпер працуе. Лену яшчэ чакае іспыт, дзе яна мусіць даказаць сваю дзеяздольнасць. Дзяўчына за кароткі тэрмін мусіць навучыцца жыць на волі, а гэта не так проста, з увагі на тое, што Лена пакуль не ўмее ні чытаць, ні лічыць.

Былы наркаман працуе над зніжэннем шкоды ад ужывання наркотыкаў

Выйсці на добрую дарогу ўдалося і герою нашага наступнага рэпартажу Паўлу Дзівакову. Ён наркаман з 20-гадовым стажам, але ўжо чатыры гады жыве без наркотыкаў. Аднак гады ўжывання не прайшлі бясследна: Павел хворы на ВІЧ і гепатыт. Уласны досвед падштурхнуў яго дапамагаць іншым наркаманам пазбегчы такіх цяжкіх хваробаў. Цяпер ён працуе сацыяльным работнікам у грамадскай арганізацыі, якая займаецца зніжэннем распаўсюду ВІЧ і шкоды ад ужывання наркотыкаў.

Сакрэты поспехаў фермераў з Аршаншчыны

10 гадоў існавання споўнілася прыватнай гаспадарцы братоў Васілёнкаў. Яна месціцца на ста сарака гектарах плошчы ля мястэчка Смаляны, што на Аршаншчыне. Два гады запар гаспадарка Уладзіміра і Міхася афіцыйна прызнавалася найлепшай у вобласці. Усё дзякуючы рэкордным ураджаям і добраму стаўленню да працаўнікоў, якія зарабляюць у разы больш, чым фермеры ва ўсіх дзяржаўных калгасах. У чарговым рэпартажы раскрыем сакрэты поспеху братоў Васілёнкаў.

Калектыў народнай творчасці «Купалінка»

Пра духоўную частку жыцця клапоцяцца і ў вёсцы Каўшэлева Шаркаўшчынскага раёну. Надзея Вайцюль больш за тры дзясяткі гадоў кіруе там сельскім Домам фальклору, у які людзі ходзяць ахвотна не толькі як гледачы, але і як удзельнікі. У 1989 годзе яна стварыла калектыў народнай творчасці «Купалінка», у які цяпер уваходзяць 20 чалавек. Яны спяваюць беларускія народныя песні, займаюцца танцамі ды абрадамі. Са сваім калектывам яна аб’ездзіла амаль усю Беларусь.