Навошта беларускім уладам пераносіць прэзідэнцкія выбары?


Сёння старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што прэзідэнцкія або парламенцкія выбары, запланаваныя на 2020 год, могуць быць перанесеныя на восень 2019 года. Палітолаг Павел Вусаў нагадвае, што раней ужо былі прэцэдэнты, калі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбываліся датэрмінова.

Паводле Паўла Вусава, парламенцкія кампаніі ў Беларусі яшчэ ніколі не пераносілі на больш ранні тэрмін, а вось прэзідэнцкія выбары пераносілі двойчы – у 2006 і 2010 годзе. У абодвух выпадках улады прызначала выбары на халодную пару года, у прыватнасці, таму, каб апазіцыі было больш складана мабілізаваць людзей на вулічныя акцыі пратэсту.

«Заўсёды была нейкая матывацыя – дэзарыентаваць апазіцыю, не даць апазіцыі падрыхтавацца да выбараў і г.д»., – кажа ён.

Тое, як лёгка Лукашэнка пераносіць выбары, з’яўляецца доказам аўтарытарнасці палітычнай сістэмы ў Беларусі, мяркуе Вусаў.

«Мы ведаем, што гэтыя выбары, па сутнасці, нічога не змяняюць, таму адбываюцца такія маніпуляцыі. Перанос парламенцкіх або прэзідэнцкіх выбараў у нармальных дэмакратычных краінах на год раней выклікала б моцную крытыку. Гэта ўвогуле немагчыма, каб скараціць на год паўнамоцтва парламента ці прэзідэнта. Але ў Беларусі, ці будуць яны ў 2019 годзе або заўтра – гэта, па сутнасці, нічога не змяняе. Сёння няма ўмоў для таго, каб узнікла сурёзная альтэрнатыўная фігура, а тым больш рэалізаваўся сцэнар Плошчы, як у 2010 годзе», – кажа палітолаг.

Больш – у відэа вышэй.