Навошта Беларусі Год навукі? Выйдзем у сусветныя лідары?


Магчыма, шмат хто здзівіцца, але сёлета ў Беларусі афіцыйна абвесцілі Год навукі.

Асноўная мэта гэткага кроку павысіць ролю навукі ў сацыяльна – эканамічным развіцці краіны, стварыць спрыяльныя ўмовы для захавання і развіцця навуковага патэнцыялу, фармаваць міжнародны імідж Беларусі як краіны з высокім узроўнем інтэлектуальнага і чалавечага капіталу. Таксама ўлады абяцалі як ніколі падтрымліваць у прыватнасці навуковыя школы, навукоўцаў ды адмыслоўцаў з творчым падыход да справы і спрыяць іхнаму патрыятычнаму выхаванню.

Нават падпісваючы ўказ, Аляксандр Лукашэнка быў не стрымаўся і адзначыў, што не хацеў бы, каб Год навукі прайшоў гэтак, як леташні Год культуры. А таму і ад навукоўцаў улады чакаюць найперш не фундаментальных ведаў, а каб тыя прыносілі карысць дзяржаве, найперш эканамічную. Пры гэтым укладаць грошы ў навуку дзяржава не збіраецца. Іх, паводле Лукашэнкі, трэба спачатку зарабіць, а таму і плаціць навукоўцам плануюць толькі за вынік.

Наколькі рэальна выканаць такія планы? Абмяркоўваем са старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук Беларусі Змітром Галіноўскім ды прафесаркай філасофіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Таццянаю Шчытцовай.