Навагодняе шоу «Белсату» з зоркамі беларускай музыкі. Відэа


Найлепшая беларуская музыка! Святочнае шоу «Новае пакаленне на Новы год», якое падрыхтаваў «Белсат» для навагодняй ночы.У навагоднім шоу бяруць удзел айчынныя музыкі, якія абʼядналіся ў дуэты.

«Мы прасілі кожнага з аўтараў напісаць песню, адпаведную нагодзе – каб выйшла ўрачыста, узнёсла, кранальна, па-святочнаму. Якраз сучасных навагодніх песень па-беларуску ў нас не стае, варта запаўняць гэтую нішу. Усе запрошаныя адгукнуліся імгненна і паставіліся да ідэі звышсурʼёзна», – тлумачыць аўтар праекту, галоўны рэдактар Tuzin.fm Сяргей Будкін.

Сярод іншых дуэтамі заспявалі: этна-гурт «VuRaj» і «CherryVata», «Палац» і Алесь Дзянісаў, «TonqiXod» і Сяргей Пукст, «Re1ikt» і Павел Аракелян, Алесь Кот-Зайцаў і Ганна Хітрык, Vinsent і Shuma, Аляксандр Памідораў і Павел Булатнікаў.

«Гэтае святочнае шоу – спроба паказаць пэўны зрэз беларускай альтэрнатыўнай сцэны. Калі мы запрашалі ў праект, мы арыентаваліся найперш не толькі на імёны, але і на актуальнасць творчасці. Хацелі паказаць тых выканаўцаў, якія не частыя госці на беларускіх тэле- і радыёканалах, некаторыя з іх яшчэ толькі пачынаюць свой шлях, але маюць талент і харызму. Больш за тое, хацелася спалучыць у кожным нумары розных з музычнага мыслення асобаў, каб паглядзець што з гэтага выйдзе. Эксперымент па злучэнню розных стыляў і жанраў прайшоў удала – тут кожны з дуэтаў можна ставіць у прыклад, бо ў кожным з 10 нумароў ёсць свая непаўторная разынка», – працягвае Сяргей Будкін.

Яскравы канферанс святочнага вечару забяспечаць вядоўцы – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў і акторка «Свабоднага тэатру» Юлія Шаўчук, а павіншуюць гледачоў вядомыя і шанаваныя асобы.НМ, belsat.eu